Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Смольлю, заломам сьцежка-дарога,
Ведзьма-мяцеліца стогне,
Жуткіе думы шэпчэ трывога,
Сэрцэ то змоўкне, то дрогне,

Горбюцца плечы, кволые плечы,
Як бы цягнулі камення,
Рукі мароз і сячэ, і калечэ,
Корчуцца ногі ў каленню.

Годзе змагацца з долей паганай,
Сонца шукаць сярод ночы,
Блудам блудзіць па мёртвых палянах,
Сьлёзьмі крывавіці вочы.

Сыпся, кружыся, бел сьнег, навокал,
Мягкай кладзіся пасьцеляй!..
Ляжэм, як ляжэ ранены сокал,
Знойдзем нарэшце прысельле.

Лес мой, жывая пушча-старуха,
Мы не загінем с табою…
Шумам пальеш мне казкі да вуха,
Важна ўкалышэш спакоем…

Дзе-не-дзе вогнік глянуў сквапліва,
Братняя блізка хаціна:
Гэта с праглядам выбрыў на ніву
Воўк—як і ты—сіраціна.

Голас пачуўся, быццам хто клічэ,
Штось у душы затраслося:
Гэта ў галінах вецер скавычэ,
Оклік магільны разносе.

З дальняго неба зоркі міргнулі…
Якбы не так ужо цёмна…
Зоркі сьвяціці ўсім не мінулі,
Толькі… мінулі бяздольных.
............
Полаг гатовы белы, пуховы;
Ляж, не глядзі, не ўслухайся!
Сну у магіле яснай, сьняговай,
Вечнаго сну не пужайся.