Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Што-ж? разгулівай сыты чужак
Між забраных, крыжоў, курганоў,
Брат скаваны ня згіне і так:
Ён другіх пашукае братоў.

Гэй, ты, краю халодны, чужы,
Прытулі безхацінца к сабе;—
Ён цябе, як і роднай мяжы,
Не забудзе ў прадсьмертнай кляцьбе.

Ты, дзяўчына чужая, закрый
Па скананні мне зрэнкі мае,
Ты, чужы друг, мне яміну рый,
Віхр чужы хай памінкі сьпяе.

Крыж пастаўце, як ставіце ўсім,—
Мае путы павесьце на ім;—
Мае сьлёзы з магілы расой
Выйдуць путы з’едаці іржой.

|}



Холадна…

Холадна, холадна ў хатцэ маей:
Лёгка на век загавеці;
Сыплюцца сьлёзы, як іскры, з вачэй;
Божэ! як жутка на сьвеці!

Голасна будзючы сонну глушу,
Віхры зусюль завываюць;
Думка за думкаю лезе ў душу,
Сэрцэ нудою сьціскаюць.

Нейкім туманам усё заплыло;
Глуха!.. Ні сілы, ні гарту…
Ўсё пражыванае прахам ішло,
Ўсё, што йдзе, думаць не варта.

З нейкім пракляцьцем прыходзім на сьвет.
З нейкім на той сьвет сыходзім;
Потам, крывёю век сьцеліцца сьлед,
Песьню змучэння заводзім.