Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ды як сыпне ураз «шырсьцяніху»;
«Шырсьцяніха, шырсьцяніха мая,
Накахала камара гультая.
А камар не зважае на яе,
Толькі лётае ды песьні пяе».

III.

Загудзела, расшумелася дубрава:
Аб вясельлі у дубраве стала слава.
Як вянок на муху свацейкі надзелі,
Ўсе навокала аж вочы праглядзелі.
А калі бацьком журылася дзяўчына,
Аж заплакала жаноцкая радзіна:
«Ускланяюся татачцы і матачцы,
Калі ўжо апрыкрыла ім ў хатачцы.
І чаму-ж вы мяне гадавалі
Ды ў чужую сямейку аддалі?»
Ў каравайніцы вулітак запрасілі,
I яны дзяжу на продзіў замясілі.
Авадзень быў камаровым старшым дружкай
Й рассыпаўся дробным макам перад мушкай.
Матылькі — баяры, пчолачкі — баяркі —
Спрытны, шпаркі, асабліва як да чаркі.
А найстаршая баярачка-чмяліха
Так сьпявала, аж баяр пабрала ліха:
«Ой, багаты баяры, багаты,
Ды забыліся ўзяць грашаняты.
Хоць ня шмат грашанят яны маюць,
Дык за тое свой гонар трымаюць:
Хто капейку дае — грыўняй ліча яе,
А хто грыўню паклаў — што рубля дараваў».