Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

44.

ЛІСТ ДА ЛАСТОЎСКАГА.

Хоць значыць гэтае несьць у Афіны совы, —
Усё-ж такі пішу да Bac, Вацлаве, словы
Нясьмелага ліста.

Даўно ўжо зьнікнуў дзень,
Ўжо стаўні замкнуты, гарыць агонь, і цень
Ад галавы маёй са сьценкі мне ківае;
У чорных рамках там сувора выглядае
Пісьменьнікаў чарга; з іх кожны — блізкі друг,
Хоць і нябачаны у вочы. Сьветлы круг
Над імі кінула газьніца. Пазіраю
Я часам на яго, а там ізноў да краю
Стала прыходзіцца схіліцца і пачаць
На белым аркушы далей ліста пісаць.
Аб драмах Пушкіна кажу я ў ім. Ня Мэрі,
Ня Фаўст, ня цар-Барыс, а Моцарт і Сальері
Варушаць мозаг мой. Здаецца мне, што тут
Сальлері атрымаў несправядлівы суд.

Халодным розумам праняўшыся, натхненьне
Ён мусіў тым губіць, — так кажа абвіненьне.
Сальері ў творчасьці усё хацеў наняць,
Ва ўсім упэўніцца, усё абмеркаваць,
Абдумаць спосабы, і матар’ял, і мэту,
I горача любіў сваю сьвядомасьць гэту.
У творчасьці яго раптоўнага няма:
Аснова да яе — спакойная дума.