Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/428

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кім і мілым здаваўся і выпаўзаўшы з гразна-рыжага гною такі сьмешны чырвоны чарвяк і жавараначак, рассыпаўшыся пэрламі ў звонкім небе. І ня менш залітага сонцам вольнага абшару радаваў залаты, пыльны сонечны прамень, прабіўшыся праз ваконца невялічкай каморы, у каторую вярнуўся Яныш.

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Вясёла шагаў акрэпшы Яныш па вясеньняй зямлі, успаёнай растануўшым сьнегам, поўнай жыцьцёвых сокаў, каторыя так і выпіралі з яе, наліваючы кожную гібкую галіну, кожны ярка-зялёны сьцебель. Нязьлічанымі, нявідзімымі воку дзірачкамі дыхалі маладыя, ’шчэ незапылёныя лісьцікі дзярэўяў, а пад імі на зямлі былі кінуты лахмоцьці ценяў, хаваўшых чыстае золата, каторае ясна блішчэла праз кожную іх дзіру. І ня стрымаўся Яныш, — распластаўся ён на траве, і палілася яму ў душу салодкая ціхая лень, што тонкім хмелем плыла ў сьветлым, расплаўленым сонцам паветры, адбівалася ў вачох, у мяккай бяспрычыннай усьмешцы, — і заваражыў яго і дрымотай агарнуў непрарыўны ласкаючы вуха шум сьвежых лісьцяў і невядома дзе пачынаўшыся і зьнікаўшы чысты звон; ціха дрыжэў ён у паветры і нямаведама было: ці то гладкія, белыя каменчыкі грукацелі пад дзюрчашчай вадой; ці то пчолкі бруялі, і ўторвалі ім конікі трэскам; ці далятаў з далёкага гасьцінцу невялічкі перазвон ботаў; ці то проста ў вушах зьвінела? Але і не хацелася Янушу паняць гэтае, не хацелася ні думаць, ні варушыцца. Вакол схіліліся сьцебялькі зёлак. Сіненькі цьвяток над самай галавою павіс і вабіў спусьціцца тоўстага, махнатага, чорнага чмеля з чырвоным задком. Вышэй круціліся рознакалёравыя мухі, хісталіся галіны клянку, і праз выразныя цёмныя лісты дубоў сінела далёкае неба; пад ім маруда праплывалі бледныя хмаркі, гледзячы на каторыя, можна было забыць аб руху часу…