Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/415

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

наш яму адгукнецца, замахаюць сыгнальнымі ліхтарнямі, — і праз трохі часу ён прабяжыць каля нас, бліскаючы зялёным бартавым агнём і сьветлымі роўнымі прарэзамі вокнаў, ідучых яркай паласой уздоўж усяго параходу. З капітанскага мосьціка пачуецца кароткая каманда. Каля борту зашуміць і ўсьпеніцца вада, ажывуць размовы, і зноў пад спакойны гул машыны і шум параходных колаў агорнуць душу няясныя, але ціхія і мілыя думы. Мяне яны ўжо даўно ўзялі ў палон. Праўда, поруч са мной на палубнай лаўцы сядзіць, без перастанку гаворачы, папутчык, каторы гадзіны дзьве назад запытаўся аб якойсь драбніцы мяне, завёў гутарку і аж дасюль ня можа стрымацца. Але я нядбала слухаю яго мовы, а яшчэ горш бачу ў цемні яго твар. Толькі, калі ён падносіць запаленую сярнічку да папіросы, укрываючы яе ад цёплага вецярка рукамі, — агністае сьвятло залівае яго далоні і твар, пальцы па краёх робяцца празрыста-чырвонымі, і з нягустога мроку выступае чорная бародка, вусы, храшчаваты нос і карыя хваравіта-бліскучыя вочы. Гаворыць ён ёмка, шпарка, як чалавек, каторы нагаладаўся па гутарцы. Я ня спыняю яго, — мне зусім ня хочацца размаўляць, бо Волга закалыхала мяне, і такімі далёкімі, ня торкаючымі сэрца зрабіліся самыя гарачыя словы.

«Хораша ў нас на Волзе! — вымаўляе падарожны грудным, трохі сіпаватым голасам. — Шырыня-то, шырыня-то якая! Добра сказаў аб гэтым Горкі, Аляксей Максімавіч. Глядзіш, кажа, на Волгу, і не разумееш: ці яна табе ў грудзі плыве, ці сама з тваіх грудзей цячэ. Ды і краса-ж тут! Здаецца, нідзе такой красы няма. Глядзеце, як сьветла, быццам чырвонае золата зыбаецца на раце. А калі мы цёмнай ноччу падедзем да Ніжняга, дык там і ня тое яшчэ пабачым. Вельмі ўжо прыгожы агонь у гэтай цемнаце. Кірмаш за Акой тады і гарыць, і зіяе, музыка ў Глаўным Доме грыміць. З другога боку на самым юру заезд «Восточный Базар» уздымаецца, увесь круглымі электрычнымі малочна-белымі ліхтарамі ўнізаны. Па гарэ, на каторай горад стаіць, уздоўж кожнай дарожкі цягнуцца ланцугі ліхтарных агнёў, а тутака, на самай Волзе, многімі соткамі параходы і баркі стаяць, з мачтаў аганькі глядзяць, параходы ўнутры асьветлены, усе