Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/412

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

бо ня столькі я фарбы і пэнзлі, сколькі рэчы свае залатыя і срэбныя ведаю, аздабнейшых ад каторых і ў Вільні, ані ўва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім ня знойдзеш. Але ня варт, усягды мне здавалася, рэч якую-небудзь толькі таму ганіць, што яна для нас за навіну прызнацца павінна. Бо ўсё тое, што цяпер навіною завецца, праз час які старыною мае быць, для людзей усіх станаў звыклай, а ўшанаваньня і абароны годнай. Я, дзеля працы сваёй незамала паезьдзіўшы, і ў чэхах і ў нямцох пабываўшы, шмат чаго на вяку сваім па краінах далёкіх бачыў. Малюнкі тыя, што Сальватор Роза з іконьнікамі полацкімі робіць, там скрозь звыклы, і нікога ўжо яны ня дзівуюць, людзям усім, дзеля красы сваёй, у спадобе стаўшы, а майстрам здольным славы і гонару прыдаючы. Тое-ж і ў нас, напэўна, мае стацца, калі навіна старыною зробіцца, так што, мабыць, тады людзі полацкія Сальватора Розу шанаваць будуць, хоць нам цяпер гэта і непадобным да праўды здаецца.

— Гэтак сама і думку, быццам ікона ўсягды вялікшую вартасьць ад іншага маляваньня мае, я за несправядлівую мушу ўважаць. Бо ня тое, каго майстар малюе, а толькі тое, як ён гэта робіць, толькі здольнасьць і ўлежнасьць яго могуць малюнку хвалу і каштоўнасьць надаваць. Ікону з Острабрамскай маткі боскай, майстрам рупным і добрым намаляваную, за восем або за дзесяць грашоў літоўскіх купляюць, а за тую-ж ікону працы вучня няўмелага нічога не даюць. Вось-жа вартасьць малюнка толькі ад хараства ў выкананьні яго залежыць, што, звычайна, кожны іконьнік лепш ад мяне ведаць павінен.

Так гаворачы, залатар скрыню дубовую, жалезам акутую, адамкнуў і, дзьве ліхтарні срэбныя адтуль дастаўшы, на стол іх з каганцом поруч паставіў і тады сказаў:

— Чалавек разумны да прыкладаў рожных ахвотна зьвяртаецца, думку сваю выкладаючы; іх-жа і цар Саламон ужываў, як аб тым пісьмо сьвятое нам кажа. Таксама і Цыцэро і Арыстотэль, людзі мудрыя і ў філёзофіі дасьведчаныя, хоць верай праўдзівай і не асьвечаныя, да прыкладаў вельмі склад маючы, заўша з іх карысталіся.