Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/249

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

195.

∗     ∗

Пасьля радзін ты ўсё штодня марнееш:
Асунулася цела, зблякла твар,
Засьмяглі і растрэскаліся губы;
На іх парой няпэўна прабяжыць
Пасьмех — і зьнікне, жалкі і пужлівы;
Як сьцені, сіняватыя кругі
Навокала вачэй ляглі, а вочы
Як быццам просяць зьлітавацца ўсіх.

Так крохкая, пушыстая багатка
Пад ветрам аблятае, каб магло
Яе насеньне узрасьці і кветнуць,
І толькі кволае сьцябло пасьля
Гаворыць аб жыцьці, дзіцям адданым.