Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/173

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

129.

∗     ∗

Па ляду, у глухім бары,
Дзе ля ральлі стаяць тры хаты,
Мужык ідзе, — на сьвітцы латы,
А сам няхібкі, хоць стары,

3 чупрынай белаю, як лунь,
І з барадою сьнегавою,
Зямлёй прапахшы і сасною,
Ён пільна ўсё глядзіць на рунь.

„А каб ты здох! Бач, па расе
Хтось трапіў к збожжу ад крыніцы;
Ды вось і вузкі сьлед капытца:
Алені тут былі ў аўсе.

Ўсё зьнішчаць, падлы, хоць ня сей, —
Не дачакаеш умалота!
А тут яшчэ цераз балота
Не прабярэшся да людзей».

Снуюцца хмарай камары;
Кішмя-кішаць у зёлках гады;
Падшывам абрастаюць ляды…
Зьвядуць, зьвядуць людзей бары

Даўно пачаў «хадзяін» дбаць,
Каб пушча тут была нанова,
Ды толькі ведае дзед «слова»,
А то дабра-бы не зазнаць.