Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/169

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

126б.

СЛУЦКІЯ ТКАЧЫХІ.
(Апошняя аўтарская рэдакцыя).

Ім не пабачыць роднай хаты,
Ня ўчуць ім дзетак галасы.
Яны у панскі двор узяты
Ткаць залатыя паясы.
І цягам доўгія часіны,
Аб шчасьці ўжо забыўшы сны,
Свае шырокія тканіны
На лад пэрсыдзкі ткуць яны.
А за сьцяной шляхі у поле,
Шуміць чарэмха ля вакна, —
І думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расьцьвіла вясна.
Там так вясёла і прыгожа:
Зіяюць срэбрам ручайкі,
І у зялёных хвалях збожжа
Закрасавалі васількі.
Там шчыры бор шуміць сувора…
Ты тчэш, бязвольная рука,
Заміж пэрсыдзкага узора,
Цьвяток радзімы васілька.