Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/153

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

112.

ПЕРАД ПАВОДКАЙ.

Праясьняецца пагода,
Бо вярнулася вясна.
Ўсё чакаеш, што прырода
Ўстрапянецца ада сна.

І пад птушы крык і гоман,
Даўшы хвалям вольны ход,
Прыпадыме бацька Нёман
На хрыбце магутным лёд.

Зазьвіняць жалобна крыгі,
І бурлівая вада
Сьнег, размоклы ў час адлігі,
Змые з луга без сьляда.

Дык разьлійся-жа раздольна
Ў чыстым полі і гаю
І красой паводкі вольнай
Душу выпрастай маю!