Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/118

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

84.

ПАГОНЯ.

Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах, —
Ўспомню Вострую Браму сьвятую.
І ваякаў на грозных канях.

Ў белай пене праносяцца коні, —
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць…
Старадаўнай Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, ня спыніць, ня стрымаць.

У бязьмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі — гады.
Вы за кім у пагоню сьпяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?

Mo’ яны, Беларусь, панясьліся
За тваімі дзяцьмі у здагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?

Бійце ў сэрцы іх — бійце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць…

Маці родная, Маці-Краіна!
Ня усьцішыцца гэтакі боль…
Ты прабач, Ты прыімі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь!..