Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/99

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гутарыў з сваім старым таварышам, маладыя людзі сядзелі моўчкі каля адчыненых вокнаў; у невялікім таварыстве панаваў той асаблівы ціхі настрой, у глыбіні якога адчуваецца нейкая, не для ўсіх ясная, але ўсімі разумелая драма. Адсутнасьць Эвэліны і Пётры была неяк асабліва заметна. Максім сярод размовы кідаў кароткія чакальныя пагляды ў кірунку дзьвярэй. Анна Міхайлаўна з сумным і як быццам вінаватым тварам яўна старалася быць уважліваю і мілаю гаспадыняю, і толькі адзін пан Папельскі, значна пакруглеўшы і, як заўсёды, дабрадушны, драмаў на сваім крэсьле, чакаючы вячэры.

Калі на тэрасе, якая вяла з саду ў салён, пачуліся шагі, дык усе вочы павярнуліся туды. У цёмным чатырохкутніку шырокіх дзьвярэй паказалася фігура Эвэліны, а за ёю ціха паднімаўся па ступеньках сьляпы.

Маладая дзяўчына пачула на сабе гэтыя згуртованыя, уважлівыя пагляды, аднак гэта яе не засмуціла. Яна прайшла цераз пакой сваёю звычайнаю роўнаю хадою, і толькі на кароткае мігненьне, сустрэўшы кароткі з-пад броваў пагляд Максіма, яна ледзь-ледзь усьмяхнулася, і яе вочы бліснулі выклікам і усьмешкаю. Пані Папельская прыглядалася да свайго сына.

Малады чалавек, здавалася, ішоў за дзяўчынаю, не разумеючы добра, куды яна вядзе яго. Калі ў дзьвярох паказаўся яго зьбялелы твар і тонкая фігура, дык ён раптам крыху спыніўся на парозе гэтага асьветленага пакою. Але затым ён пераступіў праз парог і борзда, хоць і з тым самым паўзьбянтэжаным, паўзадуманным выглядам падыйшоў да фортэпіяна.

Хоць музыка й была звычайным элемэнтам у жыцьці ціхае сядзібы, але разам з тым гэта быў элемэнт інтымны, гэтак кажучы, зусім хатні. У тыя дні, калі сядзіба напаўнялася гоманам і пя-