Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

варыла з ім сваімі новымі баламутнымі галасамі, загойдалася новымі няяснымі вобразамі, тоўпячыся з тужлівым дрыпаньнем завабнае рухавасьці.

Яна клікала яго, вабіла, будзіла драмаўшыя ў душы запросы, і ўжо гэтыя першыя поклічы сказаліся ў яго твары зьбялеласьцю, а ў душы — тупою, хоць і няяснаю яшчэ пакутаю.

Ад жанчын ня высьлізнуліся гэтыя трывожныя праявы. Мы, несьляпыя, бачым адбіцьцё рухаў душы на чужых тварах і праз гэта прывучваемся ўтойваць свае ўласныя. Сьляпыя, у гэтым сэнсе, зусім бязрадны, і дзеля гэтага на зьбялеўшым Пётравым твары можна было чытаць, як у інтымным днёвіку, пакіненым раскратым у салёне… На ім была напісана пакутлівая трывога. Жанчыны бачылі, што Максім таксама заўважае ўсё гэта, але гэта ўваходзіць у нейкія пляны старога. Абедзьве яны лічылі гэта жорсткасьцяй, і маці хацела-б сваімі рукамі абараніць сына. „Цяпліца? — што-ж такое, калі яе дзіцяці дасюль было добра ў цяпліцы? Хай будзе так і надалей, назаўсёды… Спакойна, ціха, незамуціма“… Эвэліна ня выказвала, як відаць, усяго, што было ў яе на душы, але з некаторага часу яна перамянілася да Максіма і пачала запярэчваць проці некаторых, іншы раз нязначных, яго прапазыцыяў з нябывалаю вастрынёй.

Стары пазіраў на яе з-пад броваў пытлівымі вачыма, якія сустрачаліся інады з гнеўным, бліскучым паглядам маладое дзяўчыны. Максім памахваў галавою, мармытаў штосьці і абкружаў сябе асабліва густымі клубкамі дыму, што было азнакаю ўзмоцненае работы думак; але ён цьвёрда трымаўся свайго і часамі, ні да каго не зьвяртаючыся, адпускаў пагардлівыя сэнтэнцыі аб неразумнай жаноцкай любові і кароткім бабскім розуме, які, як вядома, куды карацейшы за валасы; праз гэта жанчына ня можа бачыць далей мінут-