Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і Ільля Іванавіч (імя кадэта) намэціў ужо сваю дарогу, а ён-жа ж малодшы за мяне.

— Гэта праўда, — сказаў кадэт, — задаволены гэтым выклікам. — Я нядаўна чытаў біяграфію N. N. Ён таксама паступаў паводле яснага пляну: дваццацёх гадоў ажаніўся, а ў трыццаць пяць камандаваў аддзелам.

Студэнт хітра засьмяяўся, дзяўчына крыху пачырванела.

— Ну, вось бачыце, — сказала яна праз мінуту з нейкаю халоднаю рэзкасьцю ў голасе, — у кожнага свая дарога.

Ніхто не пярэчыў болей. Сярод маладое кампаньні запанавала сур’ёзная ціша, пад якою адчуваецца гэтак ясна недаўменны перапуд: усе смутна зразумелі, што размова перайшла на далікатны асабісты грунт, што пад простымі словамі зазьвінела недзе чутка наведзеная струна…

І сярод гэтага маўчаньня чуўся толькі шорхат цямнеўшага і быццам нечым нездаволенага старога саду.


V.

Усе гэтыя гутаркі, гэтыя спрэчкі, гэтая хваля кіпучых маладых запросаў, надзеяў, спадзяваньняў і опініяў, — усё гэта наляцела на сьляпога неспадзявана і бурна. Спачатку ён прыслухваўся да іх з выразам радаснага здуменьня, але ў хуткім часе ён ня мог не заўважыць, што гэта жывая хваля коціцца міма яго, што ёй да яго няма справы. Да яго не зьвярталіся з пытаньнямі, у яго ня пыталіся опініяў, і хутка аказалася, што ён стаіць асобна, у нейкай тужлівай адзіноце, тым больш тужлівай, чым шумней было цяпер жыцьцё сядзібы.

Тым ня менш, ён і далей прыслухваўся да ўсяго таго, што для яго было гэтак новым, і яго моцна стуленыя бровы з пабялеўшым тварам вы-