Перайсці да зместу

Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чэнка Максіму, хітра штурхаючы яго лакцём, калі студэнт аратарстваваў з пачырванеўшым тварам і зіхацеўшымі вачыма. — Вось, сабачы сын, гаворыць, як піша!.. Падумаць, дык і сапраўды галава! А раскажы ты нам, вучоны чалавек, як цябе мой Нічыпар абдуў, га?

Стары пакручваў вусамі і рагатаў, расказваючы з чыста-хахлацкім гумарам адпаведнае здарэньне. Юнакі чырванелі, але, у сваю чаргу не заставаліся ў даўгу. „Калі яны ня знаюць Нічыпара і Хведзька з такое й такое вёскі, дык за тое яны вывучваюць увесь народ у яго агульных праявах; яны глядзяць з вышэйшага пункту гледжаньня, пры якім толькі й магчымы вывады і шырокія ўагульненьні. Яны ахапляюць адным паглядам далёкія пэрспэктывы, тады як старыя і замацярэлыя ў рутыне практыкі з-за дрэваў ня бачаць усяго лесу“.

Старому ня было няпрыемна слухаць мудрыя прамовы сыноў.

— Такі відаць, што не дарма ў школе вучыліся, — казаў інады ён, самаздаволенна пазіраючы на слухачоў. — А ўсё-ж, я вам скажу, мой Хведзька вас абодвух і ўвядзе і вывядзе, як цялят на вяровачцы, вось што!.. Ну, а я і сам яго, шэльму, у свой капшук пакладу ды ў кішэнь схаваю. Вось і значыць, што вы перада мною ўсё роўна, як шчаняты перад старым псом.


III.

У даную мінуту адна з падобных спрэчак толькі-што заціхла. Старэйшае пакаленьне пайшло ў хату і цераз адчыненыя вокны чуваць было час-ад-часу, як Стаўручэнка з трыумфам расказваў розныя камічныя эпізоды, і слухачы весела рагаталі.