Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Нічога, я толькі хацела яму… крыху… вытлумачыць гэту розьніцу рознасьцяй гукаў… Не сярдуй, Макс, але, дапраўды, я думаю, што гэта вельмі падобна…

Гэта неспадзяваная ідэя ахапіла Максіма гэткім зьдзіўленьнем, што ён у першую мінуту ня ведаў, што сказаць сястры. Ён змусіў яе паўтарыць свае досьледы і, прыглядзеўшыся да напружанае ўвагі твару сьляпога, памахаў галавою.

— Паслухай мяне, Анна, — сказаў ён, застаўшыся сам на сам з сястрою. — Ня варта будзіць у хлопчыку пытаньняў, на якія ты ніколі, ніколі ня будзеш магчы даць поўнага адказу.

— Але-ж гэта ён сам загаварыў першы, дапраўды… — перабіла Анна Міхайлаўна.

— Усё роўна. Хлопчыку астаецца толькі прывыкнуць да свае сьлепаты, а нам трэба імкнуцца да таго, каб ён запомніў пра сьвятло. Я стараюся, каб ніякія вонкавыя выклікі не наводзілі яго на дарэмныя пытаньні, і калі-б удалося ўхіліць гэтыя выклікі, дык хлопчык не ўсьведамляў-бы недахопу ў сваіх пачуцьцёх, як і мы, маючы ўсе пяць органаў, ня сумуем аб тым, што ў нас няма шостага.

— Мы сумуем, — ціха запярэчыла маладая жанчына.

— Аня!

— Мы сумуем, — адказала яна ўпарта… — Мы часта сумуем аб немагчымым…

Хоць-жа ж сястра падпарадкавалася братавым довадам, але на гэты раз ён памыляўся: турбуючыся аб ухіленьні вонкавых выклікаў, Максім забываў тыя магутныя пабуджэньні, якія былі закладзены ў дзіцячую душу самою прыродаю.


VI.

„Вочы, — сказаў хтосьці, — люстра душы.“ Быць можа лепш было-б параўнаць іх з вокнамі,