Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
X.

Лёд быў зломаны. Хлопчык на другі дзень з нясьмелай цікавасьцю ўвайшоў у салён, у якім ня бываў з таго часу, як у ім пасяліўся дзіўны гарадзкі госьць, што здаўся яму гэткім сярдзіта- крыклівым. Цяпер учарашнія песьні гэтага гасьця падкупілі хлопчыкаў слух і зьмянілі яго адносіны да інструмэнту. З апошнімі сьлядамі ранейшай нясьмеласьці ён падыйшоў да таго месца, дзе стаяла піаніно, супыніўся на пэўнай адлежнасьці і прыслухаўся. У салёне нікога ня было. Маці сядзела з работаю ў другім пакоі на канапе і, ўтаіўшы дух, пазірала на яго, цешачыся з кожнага яго руху, з кожнае зьмены выразу на нэрвовым твары дзіцяці.

Выцягнуўшы здалёк рукі, ён дакрануўся да адпалітурованае паверхні інструмэнту і зараз-жа палахліва адыйшоў. Паўтарыўшы разоў два гэты досьлед, ён падыйшоў бліжэй і пачаў уважна дасьледваць інструмэнт, нахіляючыся да зямлі, каб абмацаць ножкі, абходзячы навокал па вольных бакох. Нарэшце, яго рука трапіла на гладкія клявішы.

Ціхі гук струны няпэўна дрыгануў у паветры. Хлопчык доўга прыслухваўся да зьнікшых ужо для матчынага вуха вібрацыяў і пасьля, з выразам поўнае ўвагі, крануў другую клявішу. Правёўшы пасьля гэтага рукою па ўсёй клявіятуры, ён трапіў на ноту верхняга рэгістру. Кожнаму тону ён даваў даволі часу, і яны адзін за адным, гойдаючыся, дрыжалі і заміралі ў паветры. Твар сьляпога, разам з напружанаю ўвагаю, выражаў задаволеньне; ён, відочна, цешыўся з кожнага асобнага тону, і ўжо ў гэтай вострай уважнасьці да элемэнтарных гукаў, складаных часьцяў будучае мэлёдыі, сказваліся задаткі артыстага.