Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

венскага майстра, багацьце абшырнага рэгістру. За тое і ў украінскае дудкі знайшліся саюзьнікі, бо яна была ў сябе дома, сярод свойскае украінскае прыроды.

Раней, чымся Іохім яе зрэзаў сваім нажом і выпаліў ёй сэрца распаленым жалезам, яна гойдалася тут, над знаёмаю хлопчыку роднаю рэчкаю, яе лашчыла украінскае сонца, якое грэла й яго, і той самы абдаваў яе вецер, пакуль быстрае вока украінца-дудара заўважыла яе над размытаю прывальлю. І цяпер трудна было чужаземнаму прыблудзе бароцца з простаю мясцоваю дудкаю, таму што яна зьявілася сьляпому хлопчыку ў ціхую гадзіну драманьня, сярод таемнага вячэрняга шорхату, пад шахаценьне засынаўшых букоў, у акружэньні ўсяе роднае украінскае прыроды.

Ды і пані Папельскай далёка было да Іохіма. Праўда, яе тонкія пальцы былі і быстрэйшыя і прутчэйшыя; мэлёдыя, якую яна грала, — складанейшая і багацейшая, і шмат трудоў паклала паненка Кляпс, каб вывучыць сваю вучаніцу ўладаць трудным інструмэнтам. За тое ў Іохіма было непасрэднае музычнае пачуцьцё, ён кахаў і тужыў, і з каханьнем сваім і з тугою зьвяртаўся да роднае прыроды. Яго вучыла нескладаных напеваў гэтая прырода, шум яе лесу, ціхі шэпт сьцяповае травы, задумлівая, родная, старадаўная песьня, якую ён чуў яшчэ над сваёю дзіцячаю калыскаю.

Але, трудна аказалася венскаму інструмэнту перамагчы хахлацкую дудку. Не прайшло й аднае мінуты, як дзядзька Максім раптам моцна застукаў сваёю куляю аб падлогу. Калі Анна Міхайлаўна пахіліліся ў той бок, дык яна ўбачыла на зьбялеўшым Петрыкавым твары той самы выраз, з якім у памятны для яе дзень першага вясьнянага спацыру хлопчык ляжаў на траве.

Іохім спагадліва паглядзеў на хлопчыка, пасьля павёў пагардлівым вокам па нямецкай му-