Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ны адценак яго гора зараз-жа дрыжаў у цудоўнай дудцы, ціха зрываўся з яе і гучна ляцеў сьледам за іншымі, сярод чутка слухаўшага вечару.

V.

Цяпер Іохім быў закаханы ў сваю дудку і сьвяткаваў з ёю свой мядовы месяц. Удзень ён акуратна спраўляў абавязкі канюха, вадзіў коні на вадапой, запрагаў іх, выяжджаў з „паняй“ або з Максімам. Час ад часу, калі ён заходзіў у бок суседняга сяла, дзе жыла жорсткая Мар’я, дык туга пачынала смактаць яго сэрца. Але з надходам вечара ён забываў пра ўсё на сьвеце і нават абраз чарнабрывае дзяўчыны засьцілаўся быццам туманом. Гэты абраз губляў сваю палючую выразнасьць, рысаваўся перад ім у нейкім няясным фоне і ўсяго настолькі, каб прыдаваць задумліва-сумны характар напевам цудоўнае дудкі.

У гэткім музыкальным экстазе, ўвесь растапляючыся ў дрыглівых мэлёдыях, ляжаў Іохім у стайні і ў той вечар. Музыка пасьпеў зусім забыць ня толькі жорсткую красуню, але нават згубіў з вачэй уласнае сваё істнаваньне, як раптам ён уздрыгануўся і падустаў на сваёй пасьцелі. У самым патэтычным месцы ён пачуў, як нечая маленечкая рука борзда прабегла лёгкімі пальцамі па яго твары, сьлізганула па руках і затым пачала неяк пасьпешліва абмацваць дудку. Разам з тым, ён пачуў каля сябе чыёсь быстрае, неспакойнае, кароткае дыханьне.

Цур тобі, пэк тобі! — вымавіў ён звычайнае закляцьце і тут-жа дадаў пытаньне: — чортовэ чы божэ? — хочучы даведацца, ці ня мае ён справы з нячыстаю сілаю.

Але ў тую самую мінуту глянуўшы ў адчыненыя вароты стайні прамень месяца паказаў яму, што ён памыліўся. Каля яго ложка стаяў сьляпы паніч і заўзята цягнуўся да яго сваімі ручкамі.