Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Далечыня гучэла ў яго вушох ціха заміраўшаю песьняю; калі-ж па небе гучна каціўся вясьняны гром, запаўняючы сабою прастор і з злым грукатам губляючыся за хмарамі, дык сьляпы хлопчык прыслухваўся да гэтага грукату з богабойным перапудам, і сэрца яго расшыралася, а ў галоўцы паўставаў вялічавы абраз прастору паднябесных вышыняў.

Гэткім чынам, гукі былі для яго галоўным непасрэдным выразам вонкавага сьвету; рэшта ўражаньняў служыла толькі дапаўненьнем да слухавых уражаньняў, у якія адліваліся яго прадстаўленьні, як у формы.

Часамі, ў гарачы поўдзень, калі навакола ўсё сьціхала, калі заціхаў чалавечы рух і ў прыродзе ўстанаўлялася тая асаблівая цішыня, над якою адчуваецца толькі неперарыўны, бясшумны бег жыцьцёвае сілы, дык на твары сьляпога хлопчыка зьяўляўся характарны выгляд. Здавалася, што пад уплывам вонкавае цішыні ў глыбіні яго душы паднімаліся нейкія аднаму яму даступныя гукі, да якіх ён як быццам прыслухваўся з напружанаю ўвагаю. Можна было падумаць, гледзячы на яго ў гэткія мінуты, што няясная, якая зароджваецца, дума пачынае зьвінець у яго сэрцы, як няясная мэлёдыя песьні.

II.

Яму йшоў ужо пяты год. Ён быў тонкі і слабы, але хадзіў і нават бегаў вольна па ўсім доме. Хто глядзеў на яго, як ён упэўненна выступаў у пакоях, скіроўваючыся якраз вось там, дзе трэба, і вольна шукаючы патрэбных яму рэчаў, той мог-бы падумаць, калі гэта быў-бы незнаёмы чалавек, што перад ім не сьляпы, а толькі дзіўна задуманы хлопчык з задумлівымі і пазіраўшымі ў неазначальную далечыню вачыма. Але ўжо па падворку ён хадзіў з большаю труднасьцю, пастукваючы