Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/147

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пётра спыніўся, і яго твар скрывіўся, быццам нейкая слухавая здань зьявілася перад ім у выглядзе гэтае пакутніцкае мальбы.

— Што-ж ты спалохаўся? — спытаўся Максім. — Гэта тыя самыя шчасьліўцы, якім ты нядаўна завідаваў, — сьляпыя, жабракі, якія просяць тут міласьціны… Ім крыху холадна, пэўна-ж. Але-ж ад гэтага, патвойму, ім толькі лепей.

— Хадзем! — сказаў Пётра, хапаючы яго за руку.

— А, ты хочаш уцячы! У цябе ў душы ня знойдзецца іншага пабуджэньня, бачачы чужую пакуту! Пастой, я хачу пагаварыць з табою сур’ёзна і рад, што гэта будзе якраз тутака. Ты вось сярдуеш, што часы зьмяніліся, што цяпер сьляпых не сякуць у начных сечах, як Юрку-бандурыстага, ты маракуеш, што табе няма каго праклінаць, як Ягору, а сам праклінаеш у душы сваіх блізкіх за тое, што яны адабралі ў цябе шчасьлівую долю гэтых сьляпых. Прысягаю чэсьцю, ты мо’ і пры праве! Але, прысягаю чэсьцю старога салдата, кожны чалавек мае права распараджацца сваім лёсам, а ты ўжо чалавек. Дык слухай-жа цяпер, што я скажу табе: калі ты захочаш паправіць нашу памылку, калі ты шпурганеш лёсу ў вочы ўсе прывілеі, якімі жыцьцё акружыла цябе ад калыскі, і захочаш спрабаваць долі вось гэтых няшчасных… я, Максім Яцэнка, даклярую табе сваю пашану, падмогу… Чуеш ты мяне, Пётра Яцэнка? Я быў толькі крыху старэйшым за цябе, калі панёс сваю галаву ў агонь і сечу… Па мне таксама плакала маці, як будзе плакаць па табе. Але, чорт вазьмі! Я лічу, што быў у сваім праве, як і ты цяпер у сваім!.. Раз у жыцьці да кожнага чалавека прыходзіць лёс і кажа: выбірай! І вось, табе толькі варта захацець… Хведар Кандыба, ты тут? — крыкнуў ён у кірунку сьляпых.