Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яшчэ гэтак нядаўна ў яго вушах зьвінелі яе словы, уставалі ўсе падробнасьці першага аб’ясьненьня, ён чуў пад рукамі яе шаўкавістыя валасы, чуў каля сваіх грудзей удары яе сэрца. І з усяго гэтага складаўся нейкі абраз, напаўняўшы яго радасьцю. Цяпер нешта бясформеннае, як тыя здані, што засялялі яго цёмнае ўяўленьне, ударыла ў гэты абраз мярцьвячым подыхам, і ён разьляцеўся. Ён ужо ня мог злучыць сваіх успамінаў у тую гарманічную цэласьць пачуцьця, якая перапаўняла яго ў першыя часы. Ужо з самага пачатку на дне гэтага пачуцьця ляжала зернейка чагосьці іншага, і цяпер гэтае „іншае“ распасьціралася над ім, як сьцелецца грымотная хмара па гарызонце.

Гукі яе голасу згасьлі, і на месцы яркіх уражаньняў шчасьлівага вечару зьзяла пустата. А насустрэчу гэтай пустаце з самае глыбіні душы сьляпога паднімалася нешта з цяжкаю натугаю, каб яе запоўніць.

Ён хацеў яе бачыць! Раней ён толькі адчуваў тупую пакуту душы, але яна адкладвалася ў душы няясна, трывожыла нявыразна, як ныткі зубны боль, на які мы яшчэ не зьвяртаем увагі.

Сустрэча з сьляпым званаром прыдала гэтаму болю гастрыню ўсьведамленай пакуты…

Ён яе пакахаў і хацеў яе бачыць!

Гэтак ішоў дзень за днём у прыціхшай і занесенай сьнегам сядзібе.

Час ад часу, калі момэнты шчасьця паўставалі перад ім жывыя і ясныя, Пётра крыху ажыўляўся, і твар яго ясьнеў. Але гэта бывала нядоўга, а з часам нават і гэтыя сьветлыя мінуты набралі нейкага неспакойнага характару: здавалася, што сьляпы баяўся, што яны адляцяць і ніколі ўжо ня вернуцца. Гэта рабіла яго абходжаньне няроўным: мінуты парыўчатае далікатнасьці і моцнага нэрвовага ўздыму зьмяняліся днямі пры-