Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/115

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

старога атамана, падыйшоў да паноў і з вялікім зьдзіўленьнем пазіраў, як малады чалавек з нярухомымі вачыма, утаропленымі ўгару, разьбіраў вобмацкам словы, схованыя ад несьляпых сотнямі гадоў, дажджамі й непагодамі.

— Сыла господняя, — сказаў ён, гледзячы на Пётру з ціхамірнасьцяй. — Сыла божая адкрывае сліпенькому, чого зрячіі не бачуть очима.

— Ці разумее цяпер, панначка, чаму мне ўспомніўся гэты Юрко-бандурысты? — спытаўся студэнт, калі старая брычка ізноў памалу ехала па пыльнай дарозе, скіроўваючыся да манастыра. — Мы з братам дзівіліся, як мог сьляпы езьдзіць з Карым з яго лятучымі аддзеламі. Дапусьцім, што ў той час ён быў ужо не кашавы, а просты ватажко. Вядома, аднак-жа, што ён заўсёды начальнічаў аддзелам конных казакоў-ахвотнікаў, а ня простымі гайдамакамі. Звычайна бандурыстыя былі старыя жабракі, хадзіўшыя ад сяла да сяла з торбаю і песьняю… Толькі сягоньня, пры гледжаньні на вашага Пётру, у маім уяўленьні неяк адразу ўстала фігура сьляпога Юрка, з бандураю, заместа стрэльбы за плячыма, і конна на кані…

— І можа быць, што ён браў удзел у баёх… У паходах, у кожным выпадку, і ў небясьпеках таксама… — казаў далей малады чалавек задумліва. — Якія бывалі часы на нашай Украіне!

— Як гэта страшна, — уздыхнула Анна Міхайлаўна.

— Як гэта было добра, — запярэчыў малады чалавек.

— Цяпер нічога падобнага ня бывае, — востра сказаў Пётра, пад’ехаўшы таксама да брычкі. Падняўшы бровы і ўслухаўшыся ў тупат суседніх коняй, ён змусіў свайго каня ісьці ўпоруч з брычкаю… Яго твар быў бялейшы, як звычайна, выдаючы глыбокую ўнутраную неспакойнасьць… — Цяпер усё гэта ўжо зьнікла, — паўтарыў ён.