Старонка:Сынтэза беларускае гісторыі.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

робіць памылку, калі вылічае Крывічоў, Дрыгавічоў і Радзімічоў, як беларускія плямены, а не ўспамінае аб Вяцічах і Северанах. Але тады, калі аўтар пісаў разгляданую працу, ня было яшчэ досьледаў праф. Растаргуева і інш., даказаўшых беларускасьць гэтых пляменаў. Ідучы-ж за навейшымі працамі, беларускія гісторыкі павінны абняць сваім зацікаўленьнем Севершчыну і, зразумела, Пскоўшчыну, як заселеную Крывічамі. З гледзішча гістарычнага разьвіцьця беларускае гаспадарственнасьці праф. Доўнар-Запольскі разрозьнівае пачаткава існаваньне трох самастойных беларускіх гаспадарстваў: Полацкага, Смаленскага і Турава-Пінскага, падчырківаючы, як характэрную азнаку, існаваньне ў Полацку асобнай ад кіеўскай дынастыі — Рогваладавічаў. Пераходзячы да гэнэзы — Вялікага Княства Белар.-Літоускага, праф. Доўнар-Запольскі адкідае распаўсюджаную тэорыю аб г. зв. ”літоўскіх падбоях”, паводле якой вялікае Княства было збудавана шляхам падбою этнографічна-літоўскім элемэнтам беларускіх гаспадарстваў:

”Гэтак гістарычная навука рашуча зьбівае ўсе азнакі заваяваньня беларускіх земляў літоўскім князем”.

Працэс злучэньня беларускіх земляў адбываўся дабравольна — шляхам умоваў, або жанімства князёў. Выказаная тут думка нязвычайна характерная і сьмелая. Але апошнія досьледы ў поўнай ступені яе пацьвярджаюць. Архэолёгічныя раскопкі ў Горадні, ведзеныя польскім археолёгам Ёдкоўскім /Jodkowsky/ пацьвярджаюць, што існавала магутнае беларускае горадзенскае княства над Нёманам, якое было ў сутычнасьці з беларускім Наваградкам. У гэтых княствах паўстаў новы беларускі цэнтр, зь якім злучыліся на аснове шырокае фэдэрацыі іншыя беларускія гаспадарствы, творачы адну дзяржаву.

Праводзячы далейшую сынтэзу, праф. М. Доўнар-Запольскі паклікаецца на цэлы рад аргумэнтаў, якія даказваюць беларускі характар новага гаспадарства. Аргумэнты гэтыя мы абмінаем, бо яны есьць агульна ведамыя ўсім, хто хоць павярхоўна знаемы з нашай гісторыяй.

На прыкладах Казіміра, Аляксандра, Жыгімонта Казіміравіча, Жыгімонта Аўгуста праф. Доўнар-Запольскі апірае сваю тэзу, што і Палякі выбіралі нашых гаспадароў сваімі каралямі і што гэта пэрсональная вунія ні ў чым не нарушала сувэрэннасьці Вялікага Княства. Не нарушала гэтай сувэрэннасьці і Люблінская вунія 1569 г., бо гэта быў дагавор роўных з роўнымі.

Прычыны заняпаду беларускай гаспадарственнасьці праф. Доўнар-Запольскі бачыць у Берасьцейскай рэлігійнай вуніі 1595 г., якая пры-