Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сустрэўшыся тое-ж казала Палуце: кінь, кажу, іх гняздо ды варочайся да хаты, ня згінеш…

Домна. А што-ж яна кажа?

Волька. Цудная ды ўсё! Я і сама ня ўцямлю сабе, як яна зьмянілася. „Не пайду, кажа: бацькі хацелі гэтага, няхай-жа цешацца цяперака.“

Сымон. Хацелі! Гэта праўда, што цудная яна! Нехта падумаў-бы і праўда, што мы хацелі, ды назнарок збавіліся яе. Эх, дзіўная якая! Ласьне-ж яна нам была гэтак вяліка ці перашкодзіла нам? Хацелі! Хацелі, але ня ліха, а дабра… дабра ёй хацелі… Падумай сама, нябога, ці-ж каб той лад ды згода, — ня можна ім добра жыць? Яшчэ як добра можна павясьці жыцьцё… Усяго па горла, як у памешчыка. Вось на гэта і біў я, а не навошта інакшае. Мая бацькаўская душа жадала ёй шчасьця, усяго найлепшага, выгоды. Вось чаго хацелі бацькі. А каб мы тое ліха ведалі, то плюнулі-б на ўсё гэта… і на тысячу раз большае, а не аддалі-б яе… Не перастарылася-б, нябось, ды ня горшая ўсіх.

Волька. Я ёй і казала гэта самае… Хоць, дзядзечка, яна, прызнацца, нібы і адчувала, што гэтак будзе, калі так ненавідзела Яна і баялася йсьці… Мо‘ і лепш было-б, пашоўшы за Пятруся…

Сымон. Гм… э… можа… Хто яго ведае — можа і лепш было-б… Але-ж, Волечка, пасудзі сама: аддаць за гэткага, як Пятрусь, то ўжо зусім няма рацыі. Гэта… чалавек не падходны па ўсяму. Бачыш, што сталася з ім. Пашла-б Палута за яго, а тут заарыштавалі-б, і тады рабі, што хочаш! А потым яшчэ ня ведама, што з ім зрабілі-б… Цяперака з гэткімі людзьмі не царамоняцца ні каліва: тут вастрог, а тут і растрэл ці павешаньне… Гэта-ж добра, што ён уцёк, схаваўся, а каб сцапалі — тады і рабі, што хочаш…

Волька. Ну, яно-та так, толькі… і данясьлі на Пятруся, можна сказаць, дарэмна зусім, за няма нішто… Не падкажы-б гэтыя самыя Сьлівы, то сашло-б і так. Жыў-бы паціху і моʻ ляпей за каго… Ды і цяперака будзе жыць… Вось надоечы прыслаў да Антося ліст: піша, што ўстроіўся на добрую службу, зарабляе сабе грошы, прысылае мацеры і жыве. Вядома, пакуль скрытна, каб ніхто ня ведаў, але ўсё-ж не прапаў.

Домна. А то, бач, ці праўда, Волечка, што ён наяжджае да дому? Мне заўчора хтосьці казаў… ах, ня прыпомню хто… што бачыў яго, Пятруся, бач… Мабыць-жа блізка дзе жыве…

Сымон. Кінь, то байкі! Ня можа быць.

Волька. Часам і можа быць. Толькі, маўчэце…

Тэклечка. Мне Зоська Ярамеева казала, што яна бачыла Пятруся на гэтым тыдні.

Домна. Во, бачыш. Ды, пэўна, Волечка, будзем маўчаць. Што нам за дзела — бог з ім!..