Старонка:Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю.pdf/94

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Рак мочавага пузыра — 27-28 проц. (Мартынаў, Фёдараў). Аднак, Томсон Уокер далі такія вынікі: на 126 рэзэкцый пузыра — 8 сьмярцей, г. зн. 6,3 проц. Толькі 27 проц. перажылі 3 гады.

Саркома мае меншую ролю, як рак. Паводле даных Шамуні, саркоматозных пухлін у 6-10 разоў менш, як ракавых. Прыблізна такія-ж даныя і іншых аўтароў. Напр., згодна лічбам Тоічкіна за 10 год у Пецярбургу памерла ад раку 3.268 мужчын і 7.706 жанчын, а ад саркомы — 637 мужчын і 641 жанчына — г. зн. процант раку быў роўны 91,6 проц., а саркомы — 8,4 проц. У мяне на 212 выпадкаў раку была 21 саркома. Але сустракаюцца і іншыя суадносіны. Напр., у Дзьяканава на 1.035 выпадкаў раку было 256 сарком (4:1). У Бабука на 478 ракаў налічвалася 124 саркомы (4:1).

Уяўленьне пра саркомы дае статыстыка Кютнэра: на 55 опэраваных хворых памерла ад опэрацыі 6,5 проц.; праз 3 гады засталося жывых — толькі 30 проц.

Аднак, усе зьмешчаныя вышэй даныя і лічбы не даюць нават і ў невялічкай меры адказу на пытаньне: якая сапраўдная сьмяротнасьць пры раку цяпер і як надалей змагацца з гэтым захворваньнем? Таму ўсе папярэднія лічбы я лічу неабходным папоўніць яшчэ некаторымі фактамі.

Якой зьяўляецца опэрабільнасьць ракаў, з якімі зьвяртаюцца да хірурга? Аказваецца, што з ліку тых, якія зьявіліся ў больніцы, колькасьць выпадкаў опэрабільных ракаў была роўная паводле:

Пэйчыча (Юга-Славія) 41,6 проц.
Балярскага (Украіна) 55 "
Шора (Амэрыка) 83,2 "
Джыбсон (Амэрыка) 75 "

Можа гэтыя лічбы выпадковыя, але ўсё-ж кідаецца ў вочы, што больш культурныя краіны даюць і большыя лічбы опэрабільнасьці раку.

Сэнс гэтых лічбаў высьвятляецца пры далейшым дасьледваньні. У Шора — радыкальная опэрацыя зроблена толькі ў 32 проц. выпадкаў; у 31 проц., толькі паліятыўная; калі выключыць памершых ад опэрацыі дык з больніцы выпушчана толькі 29,4 процанта. Інакш кажучы, на 1.000 хворых з ракам, што зьявіліся лячыцца, радыкальная дапамога падана толькі 294 хворым.