Старонка:Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю.pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ва ўсіх жа астатніх гарадох і паселішчах, так званая экстрэнная опэрацыйная дапамога кожны раз організуецца нанова, што ўрэшце няўнікальна цягне за сабой страту вельмі каштоўнага часу. Што-ж казаць пра дапамогу пазагарадзкую?

Калі лічыць у сэрэднім прамежак часу да 4-х гадзін, як адзіна дапушчальны ў сэньсе папераджэньня інфэкцыі, дык можна сьцьвярджаць, што вялізарная большасьць нашых траўматыкаў атрымліваюць неабходную дапамогу значна пазьней, калі эфэктыўнасьць гэтай дапомогі надзвычайна зьмяншаецца. Вывады соцыяльнага парадку з гэтага палажэньня зразумелыя і не патрабуюць далейшага разьвіцьця. Пункты першай дапамогі на прадпрыемствах, набліжэньне хірургічнай дапамогі да насельніцтва — вось у чым зарука таго, што інфэкцыя траўматычнага паходжаньня будзе спынена. Але гэтыя мерапрыемствы зьяўляюцца толькі пачаткам тэй вялізарнай работы, якую яшчэ трэба зрабіць у сэньсе набліжэньня да насельніцтва хірургічнай дапамогі і разьвіцьця сродкаў зносін, дазваляючых перамагаць адлегласьці.

3. Запаленьні.

Агульная частка.

Выявіць сумарныя лічбы, якія ахаплялі-б запальныя процэсы і сьмяротнасьць пры іх, значна цяжэй, чым у адносінах да траўматычных захворваньняў, бо даных адносна першых амаль няма ў літаратуры. Запаленьні падзяляюцца на захворваньні паасобных органаў і амаль няма ніводнае справаздачы, дзе-б гаварылася пра іх наогул. Таму мне даводзіцца базавацца галоўным чынам на ўласным матэрыяле.

Агульная колькасьць запальных захворваньняў у мяне была 2.153, што на 6.107 выпадкаў складае 35 проц. У справаздачах Більрота на 9.500 выпадкаў было 3.061 выпадак запаленьня, г. зн. 32 проц. Магу паказаць яшчэ на такія даныя аб процантных адносінах запаленьняў да агульнай колькасьці захворваньняў: Тамбоўская больніца — на 3.717 хворых — 35 проц.; Абухаўская больніца — на 8.199 хворых — 29,8 проц.; Елецкая больніца — на 2.480 хворых — 24 проц.; Дзьяканаў на 684 хворых — 27 поц. Гэта дазваляе мне зрабіць вывад, што запаленьні складаюць каля ⅓ часткі ўсіх больнічных хірургічных захворваньняў.

Некаторае ўяўленьне пра параўнальную колькасьць паасобных запальных захворваньняў дае ніжэйзьмешчаная табліца.