Вадзім (адзін).
Брацца за справу… служыць… а каму? Эх, стары, стары, бацька ты мой, але-ж агульнага ў нас цяжка знайсьці. Выкінь, кажа, каханьне з галавы, ха-ха-ха… з галавы… Сэрца-ж у мяне ёсьць, старэнькі, і любіць таго, каго ты хацеў-бы, ня той час. А… ідуць сяляне… што я ім скажу?… (Сеў на лаўку).
(Уваходзяць тры дэлегаты ад сялян).
1-ы селянін
Добры дзень, Вадзім. (Усе вітаюцца). Бацюшка накіраваў нас да вас, дык вот мы й прышлі. Вядома вам, што на конт царквы.
2-гі селянін
Цяпер-жа вы, здаецца, бацюшка у нас, мы чулі, будзеце…
3-ці селянін
Усе будуць на гэта згодны…
1-ы селянін
Што значыць згодны? А хто іх пытацца будзе, раз вышэйшае царкоўнае начальства пажадае, гэта табе ня выбары ў камітэт які небудзь. Тут брат справа няпрыкаснавенная.
2-гі селянін
А мяне ўсё-ткі дзівіць крыху, як гэта вы… ды папом у нас…
Вадзім
Дарагіе мае! Мяне таксама дзівіць. Многа ёсьць дзіўнага на сьвеце, але ўсё мае свой закон.