Кац
Так, бацька зусім стары і сын застанецца на прыходзе, дык нашта Соні з ім зьвязвацца?
Іцка
Ну-у!.. Не такі Вадзім дурны, каб надзяваць бацькаўскія балахоны. Ён назад ня пойдзе. Такі чалавек, як ён, можа йсьці толькі ўперад. А гэтыя чуткі, што ходзяць, яны называюцца, называюцца… ой, забыўся… Ёсьць такое нехарошае слова, уй, як яго… (Глядзіць, можа на вушаку запісана). Няма.
(Уваходзіць Соня з ёю Вадзім).
Іцка
О, Соня, Соня, скажы, як гэта політычаскі называецца, калі хто каго… Добры вечар, таварыш Вадзім, праходзьце і садзецеся.
(Вадзім робіць агульны паклон).
Вадзім
Добры вечар!
(Мэра паглядзела на яго нездаволена, адвярнулася і пашла ў бакоўку).
Іцка
Сядзецеся. Помніш, Соня, ну… хто каго падманвае, выдумляе?..
Соня
Проста падманшчык і будзе.
Іцка
Не, ты казала пра тых, каторыя, што падпольшчыкі, а сярод іх пападаліся такія, якія нібыта былі з імі, але яны мелі гішэфт з паліцыянтамі.