Жонка сядзельца. І як тут валіць, калі не даюць, і ня слухаюць.
Сядзелец. Вы, пане старшыня, ня слухаеце, а толькі перашкаджаеце, але такой бяды, зноў кажу вам, што я ня цукерак, і не селядзец, я сядзелец, каторы жадае імяніньніку здароўя, каб ён ніколі нічога ні згубіў, а знаходзіў тое, што людзі губляюць, каб ён нікуды ня зблудзіў, а ішоў бы сабе ішоў у рай Адамаў…
Дзяк. Праз Іркутск, на остраў Сахалін.
Усе (сьмяюцца).
Сядзелец (плюнуў і адвярнуўся).
Жонка сядзельца. І што гэта сапраўды за мода.
Сядзелец. І я кажу, а за тым, я жадаю, жадаю… чаго-ж я жадаю?
Жонка сядзельца. Бо сарвалі думку.
Сядзелец. Ага, каб пісар быў храбры як леў, а моцны як штабы ў дзьвярах маёй манаполькі.
Дзяк. І несокрушым акі Давід победзіўшы Голіафа на земле Вавілонской.
Жонка сядзельца. Я на вас злую: ён колькі дзён складаў гэту прамову, ночы ня спаў развучываў, каб добра павіншаваць суседа, а вы, як той млын, лапочаце, лапочаце і лапочаце.