Фэльчар. Ніякага даходу.
Пісар. А чаму?
Фэльчар. На ўсякую рэч, за якую трэба плаціць даход, накладаюць бандэроль; ну скажыце вы мне, ці ўтрымаецца якая бандэроль на языку ў кабеты?
Дзяк. На языку, каторы ніколі сухі ня бывае.
Сядзелец. Рэч вядомая, што не, бандэрольку зьесьць і скажа: язык мой вольны ад налогу.
Жонка сядзельца. Я зусім не разумею, чаго вы чапляецеся да нас кабет; дзе вы бачылі, каб кабеты елі бандэролькі.
Пісар. Ды мы толькі жартуем.
Жонка сядзельца. З такімі жартамі трэба асьцярожна.
Жонка пісара. Кумка, пакіньце, у гэты дзень не павінна быць сваркі.
Жонка сядзельца. Так няхай не зачапляюць нас, кабет.
ЗЬЯВА XI-я
Уваходзіць старшы вураднік Набінос
Набінос. Усім агульнае прывітаньне (да пісара). Жыць і радавацца (пры паяўленьні Набіноса, сядзячыя вураднікі ўсталі, Набінос падаў знак рукой — яны селі і Набінос сеў).