Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я-б выпіў, — заявіў Швэйк.

Даўгалыгі перазірнуўся з маленькім.

— На адзін кухаль мы-б таксама зайшлі, — сказаў маленькі, адчуўшы даўгалёву згоду, — але куды-небудзь, каб ня кідалася ў вочы.

— Хадзем у „Куклік“, — прапанаваў Швэйк, — там на кухні можаце пакінуць зброю. Гаспадар там — Сэрабона, сокал[1], яго няма чаго баяцца. Там граюць на скрыпцы і на гармоні, бываюць дзяўчаты і рознае падобнае кампанства, якое ня пускаюць у „Рэпрэзэнтачку“[2].

Даўгаль з таўстуном перазірнуліся яшчэ раз і даўгаль вырашыў:

— Дык зойдзем туды, да Карліна яшчэ далёка.

Дарогаю Швэйк расказваў ім розныя анэкдоты; і яны ў цудоўным настроі прышлі ў „Куклік“ і зрабілі так, як раіў Швэйк. Стрэльбы схавалі на кухні і пашлі ў агульную залю, дзе скрыпка з гармоняй поўнілі ўсё памяшканьне гукамі аблюбёнае песьні „На Понкрацы, на ўзгорку, ёсьць дзівосныя прысады“.

Нейкая дзяўчына сядзела на каленах у пашарпанага юнака з гладка зачосанымі валасамі і пела сіпатым голасам:

Эх, сышоўся я з дзяўчынкай,
А гуляе з ёй другі.

Каля аднаго стала спаў п‘яны сардыншчык[3]. Часамі ён прасыпаўся, біў кулаком аб стол, мормытаў: „Ня хочу“ — і зноў засыпаў. За більярдам пад люстэркам сядзелі тры дзяўчыны і праз увесь шынок крычалі чыгуначнаму кандуктару:

— Малады чалавек! Паднясіце нам вэрмуту!

Двое каля музыкаў спрачаліся аб нейкай Маржэнцы, якую ўчора пад час аблавы „змыў“ патруль. Адзін цьвердзіў, што

  1. Сябра вядомае чэскае гімнастычнае, напоўполітачнае організацыі „Сокал“.
  2. Шыкоўны рэсторан у Празе „Рэпрэзэнтацыйны дом“.
  3. Што прадае з латка сардыны ды халодныя закускі.