Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

якія датыкаліся нейкага Язэпа Кудзеля. На вокладцы справы быў пастаўлен крыжык, а пад ім: „Выканана“ і дата.)

— Значыць, Швэйк у мяне прапаў, — сказаў Бэрніс. — Скажу яго паклікаць сюды, і калі ён ні ў чым ня прызнаецца, адпусьцім яго. Я загадаю завесьці яго да сябе, а рэшту ты ўжо сам у палку ўпарадкуй.

Як пашоў фэльдкурат, сьледчы Бэрніс загадаў прывесьці да яго з гарнізоннай турмы Швэйка і прымусіў яго чакаць ля дзьвярэй, бо ў той момант, як ён прышоў, атрымалася тэлефонаграма, што затрабаваны матэрыял па справе № 7267, які датыча радавога пяхоты Майкснера, быў прыняты канцылярыяй № 1 за подпісам капітана Лінгардта.

Швэйк тым часам аглядаў канцылярыю вайсковага сьледчага.

Нельга сказаць, каб абстаноўка рабіла дужа добрае ўражаньне, асабліва фотографіі розных экзэкуцый, праробленых арміяй у Галіцыі і ў Сэрбіі. Гэта былі мастацкія здымкі спаленых дамоў і дрэў, галіны якіх падагнуліся пад пяжарам павешаных. Асабліва прыгожая была фотографія з Сэрбіі, дзе паказана была павешаная сям‘я: маленькі хлопчык, бацька і маці. Два салдаты сьцерагуць дрэва з пакаранымі, а афіцэр стаіць наперадзе з выглядам пераможцы і курыць цыгарку. На другім баку на заднім пляне відаць палявая кухня ў рабоце.

— Ну, дык як-жа з вамі Швэйк? — запытаў сьледчы Бэрніс, прыкладаючы тэлефонаграму да справы. — Чаго вы там нарабілі? Прызнаецеся ці будзеце чакаць, пакуль будзе складзена абвінавачаньне? Не, даражэнькі, гэтак ня гожа... Ня думайце, што вы знаходзіцеся перад судом, дзе ваша справа разглядаецца цывільнымі ёлупамі. У нас суд вайсковы. Адзіным вашым ратункам ад суровае і справядлівае кары можа быць толькі поўнае прызнаньне.

У сьледчага Бэрніса быў „свой уласны мэтад“ на выпадак згубы матэрыялу супроць абвінавачанага. Але, як бачыце, асаблівага ў гэтым мэтадзе нічога ня было, і няма чаго дзіваваць, што вынікі такога гатунку расьсьледаў былі роўныя нулю.