Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У фэльдкурата Отто Капа было яшчэ больш пярэстае мінулае, чымся ў славутага арцыбіскупа Кона. Ён вучыўся ў комэрцыйным інстытуце і на вайсковую службу забралі былі яго ў свой час. Ён так дасканала цяміў вэксэльнае права, што за адзін год давёў фірму Кац і К° да банкурцтва, ды такога грунтоўнага, што старому Кацу давялося ехаць у Паўночную Амэрыку, папярэдне паквітаўшыся са сваімі вернікамі, праўда, бяз іхнага ведама, як і са сваім кампаньнікам, што ў выніку мусіў падацца ў Аргэнтыну.

Калі малады Кац гэткім спосабам бесстаронна падзяліў фірму Кац і К° паміж Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкай, ён апынуўся ў становішчы чалавека, якому няма адкуль чакаць спадчыны, які ня ведае, дзе прытуліцца і якому асталося адно — падацца на вайсковую службу.

Перад гэтым аднак, Отто Кац прыдумаў спрытную штуку. Ён перахрысьціўся. Зьвярнуўся даверліва да хрыста, каб той памог яму зрабіць кар‘еру, разглядаючы гэта, як комэрцыйную згоду паміж ім і сынам божым.

Яго ўрачыста ахрысьцілі ў Эмаўскім манастыры. Сам патэр Альбак правіў абрад хрышчэньня. Гэта было цудоўнае відовішча. Былі прысутныя пры гэтым: пабожны маёр з таго-ж палку, дзе служыў Отто Кац, старая дзеўка з інстытуту шляхетных паненак на Градчанах і мурласты прадстаўнік консысторыі, які быў у яго за хроснага.

Экзамен на афіцэра прайшоў добра, і новаяўлены хрысьціянін Отто Кац застаўся на вайсковай службе. Перш яму здавалася, што справа пойдзе добра, і ён цэліў ужо ў вайсковую акадэмію, але неяк аднаго разу напіўся, пашоў у манастыр і прамяняў шаблю на чарнецкую расу. Ён быў на аудыенцыі ў арцыбіскупа ў Градчанах і, усё па ўсім, трапіў ў сэмінарыю. Перад сваім пасьвячэньнем ён напіўся ўшчэнт у адным вельмі прыстойным „доме з жаночымі служкамі” і проста з гулянкі пашоў на пасьвячэньне. Пасьля пасьвячэньня ён падаўся ў свой полк шукаць пасады і, калі яго прызначылі за палкавога ксяндза, купіў сабе каня, гарцаваў па Празе і браў шчыры ўдзел ува ўсіх п‘янках афіцэраў свайго палка.