Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

думайце, што я гэткі самы асёл, як вы. Я трошку разумнейшы, чымся вы ўсе разам. Апрача таго, абвяшчаю да ўсеагульнага ведама, што заўтра пашлю да вас камісію. Вы валяецеся тут занадта доўга, і ніхто з вас ні на вошта ня хворы, раз вы здолелі за пяць хвілін так набіць свае жываты, як гэта вы падлаўчыліся вось цяпер зрабіць... Шагам — марш!

Як дайшла чарга да Швэйка, доктар Грунштэйн паглядзеў на яго і запытаў:

— Вы знаёмы з баронэсай?

— Гэта мая незаконная маці. У раньнім дзяцінстве яна мяне падкінула, а цяпер зноў знайшла.

Доктар Грунштэйн сказаў ляконічна:

— Ага! У такім разе зрабіце Швэйку яшчэ клізму.

Увечары ў палаце было пахмура. Усяго колькі гадзін таму ўва ўсіх у жыватох былі розныя смачныя рэчы, а цяпер пераліваўся там рэдзенькі чай са скарынкай хлеба. № 21 каля акна нясьмэла азваўся:

— Па-мойму, хлопцы, смажаныя куры лепш за вараныя.

— Заткніце яму мяліцу коўдрай! — Але ўсе былі так змардаваны няўдалым пачастункам, што ніхто не крануўся з месца.

Доктар Грунштэйн спраўдзіў сваё слова. Назаўтра зьявілася тая славутая лекарская камісія. Дактары з лютым выглядам абыходзілі чараду ложкаў, і чуваць было толькі: „Пакажыце язык!“ Швэйк высалупіў язык як толькі здолеў, скрывіў ад натугі міну і заплюшыў вочы.

— Дазвольце далажыць, пане старэйшы доктар, далей язык высунуць не магу.

Узьнялася цікавая спрэчка паміж Швэйкам і камісіяй. Швэйк цьвердзіў, што зрабіў сваю заўвагу, баючыся, каб часам дактары не падумалі, што ён ня хоча паказаць язык.

Сябры камісіі рэзка разышліся ў поглядах на Швэйка. Палавіна з іх запэўнівала, што Швэйк — ідыёт, тым часамі, як другая палавіна стаяла на тым, што ён прахвост і зьдзекваецца з вайсковае службы.

— Ліха матары! — закрычэў на Швэйка старшыня камісіі.

— Ці ня думаеце вы, што нас можна ашукаць?