Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Мюлер, у тоўстага эрцгэрцага пэўней лучыш, чымся ў худога. Можа памятаеце, як тады ў Партугаліі падстрэлілі іхнага караля? Быў во які тоўсты! Вы разумееце, што худы кароль ня будзе... Ну, я пашоў у шынок „Ля чашы“. Калі прыдуць па фокстэр‘ера, пад якога я ўзяў заставу, дык скажыце, што я трымаю яго на сваёй псярні за горадам, што нядаўна я яму абрэзаў вушы і што цяпер няможна яго перавозіць, пакуль не загаіліся вушы, а то іх можна застудзіць. Калі куды пойдзеце, пакіньце ключ у швэйцарыхі.

У шынку „Ля чашы“ сядзеў усяго адзін толькі чалавек. Гэта быў агент сакрэтнай паліцыі Брэтшнэйдэр. Шынкар Палівец мыў посуд, і Брэтшнэйдэр марна памыкаўся завесьці з ім сур‘ёзную гутарку.

Палівец быў на-дзіва здатны да няпрыстойных словаў. Кожнае другое слова ў яго азначала або „гной“ або „задніца“. Але разам з тым ён быў чалавек кніжны і кожнаму раіў прачытаць, што напісаў Віктар Гюго, апавядаючы пра адказ старой наполеонаўскай гвардыі ангельцам у баі пад Ватэрлёо[1].

— Добрае лета стаіць, — заводзіў Брэтшнэйдэр сур‘ёзную гутарку.

— Усё гэта гною варта, — адказаў Палівец, стаўляючы посуд у шафу.

— Ну, і нарабілі нам у Сараеве! — з кволай надзеяй праказаў Брэтшнэйдэр.

— У якім „Сараеве“? — запытаўся Палівец. — У шынку ў Нусьлях? Там дзень-у-дзень юху пускаюць. Вядома — Нусьлі!

— У босьнійскім Сараеве, пан шынкар. Застрэлілі там пана эрцгэрцага Фэрдынанда. Што на гэта скажаце?

— Я ў гэткія справы ня ўтыкаюся. Ну іх усіх у задніцу з гэтымі справамі, — далікатна адказаў пан Палівец, закурваючы люльку. — Цяперашнім сьветам утыкнуцца ў гэткія справы — толькі галаву скруціш. Я — шынкар. Хто да мяне прыходзіць, патрабуе піва, я таму й наліваю. А нейкае там Сараева, палітыка ці там нябожчык эрцгэрцаг — нас гэта не абыходзіць. Ня нашага носу палоса. Адно вастрогам пахне.

  1. Нібыта на пропозыцыю ангельцаў у баі пад Ватэрлёо здацца гвардыя адказала адным словам „Merde“ (кал).