Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

самае. Раз ужо вайна, мы павінны давесьці яе да перамогі, мы павінны выслаўляць гаспадара імпэратара. І ніхто мяне на іншае не пераканае!

Прыціснуты да сьцяны чыноўнік ня вытрымаў погляду бязьвіннага ягнаці Швэйка, спусьціў вочы ў свае паперы і сказаў:

— Добра разумею вашае захапленьне, але каб вы яго выявілі ў іншых абставінах. Вы самі добра ведаеце, што раз вас вёў паліцыянт, дык выяўлены вамі ў гэты момант патрыятызм мог і павінен быў зрабіць на народ уплыў больш гіронічнага характару, чымся сур‘ёзнага.

— Ісьці пад канвоем паліцэйскага — гэта цяжкі момант у жыцьці кожнага чалавека. Але калі чалавек нават і ў гэты цяжкі момант не забываецца, што яму належыць рабіць пры абвяшчэньні вайны, дык, я мяркую, гэткі чалавек адно варты павагі.

Чыноўнік забурчэў і яшчэ раз паглядзеў Швэйку проста ў вочы. Швэйк адказаў сваім бязьвінным, мяккім, лагодным, пяшчотным і цёплым поглядам.

З хвіліну яны пільна глядзелі адзін на аднаго.

— Ліха вас разьбярэ! — прамармытала нарэшце чыноўніцкае рыла. — Але калі вы яшчэ раз сюды залучыце, дык я вас наогул ні пра вошта ня буду пытаць, а адпраўлю проста ў вайсковы суд у Градчаны[1]. Зразумелі?

Перш, чымся ўправіўся ён яшчэ што-небудзь дадаць, Швэйк падскочыў да яго, пацалаваў яму руку і сказаў:

— Хай вам бог дасьць здароўечка! Калі вам калі-небудзь спатрэбіцца чыстакроўны сабачка, зрабіце ласку, зьвярніцеся да мяне. Я гандлюю сабакамі.

Так апынуўся Швэйк зноў на волі.

— Яго развагі па дарозе да дому, ці не зайсьці яму перш у піўніцу „Ля чашы“, скончыліся тым, што ён адчыніў тыя самыя дзьверы, адкуль ня надта даўно быў вышаў разам з агентам Брэтшнэйдарам.

  1. Праскі крэмль.