Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тэрмін... Вам ня сьцюдзёна? — спагадліва запытаў Швэйк, заўважыўшы, што інтэлігенты пан калоціцца. — Сёлета познае лета, нешта халаднаватае.

— Прапашчы я чалавек! — зарумзаў Швэйкаў кампаньнік. — Ня ўбачыць мне падвышэньня, як свае патыліцы.

— Што й казаць, пацьвердзіў Швэйк. — Калі вас пасьля выседкі назад на службу ня возьмуць, — ня ведаю, ці скора вы знойдзеце іншае месца, бо ўсюды, нават каб вы захацелі служыць за гіцля, ад вас будуць вымагаць пасьведчаньне аб добрым паводжаньні. Так, гэтая пацеха вам дорага абыйдзецца... А вашай гаспадыні з дзеткамі ёсьць на што жыць, пакуль вы будзеце сядзець? Ці мо‘ ёй давядзецца жабраваць, а дзетак адукаваць на рознае жульніцтва?

Пачулася рыданьне.

— Няшчасныя дзеткі! Няшчасная жоначка!

Ахоплены каяньнем скандаліст устаў і загаварыў пра сваіх дзяцей.

— У мяне іх пяць. Самаму старэйшаму дванаццаць год, ён у скаутах, п‘е адну ваду і мог-бы даваць прыклад свайму бацьку, з якім, па-праўдзе, гэтая прыгода здарылася ўпяршыню за цэлае жыцьцё.

— У скаутах! — крыкнуў Швэйк. — Прыемна слухаць. Аднойчы ў Мылаварах, пад Зьлівай, у раёне Глыбокай, акруга Чэскія Будэйовіцы, акурат, як мы, 91-ы полк, былі там на вучэньні, вакольныя сяляне наладзілі аблаву на скаўтаў, якіх надта многа разьвялося ў іхным абшчынным лесе. Злавілі трох. Дык найменшы з іх, як яго вязалі, так жаласна скавытаў і плакаў, што мы, бывалыя салдаты, не маглі бяз жалю на яго глядзець, ня вытрымалі... і абыйшлі зводдаль. Пакуль іх вязалі, гэтыя тры скауты пакусалі восем сялян. Потым у сялянскага старасты пад лазой яны прызналіся, што на ўсю акругу няма ніводнага лугу, які-б яны не здратавалі, грэючыся на сонцы. Дарэчы высьветлілася, што пад Ражыцамі якраз перад жнівом зусім выпадкова згарэў шнур жыта на пні, калі яны сярод жыта смажылі на ражне сарну, якую злавілі ў абшчынным лесе. У іхным лягеры, у лесе, знайшлі безьліч вішнёвых костачак, агрызкаў зялёных яблыкаў, больш,