Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яго кампаньнік зноў сеў ля яго. — Турэмнікі як раззлуюцца, дык здатныя да ўсяго. Сядзіце сябе спакойна ды чакайце разьвіцьця далейшых падзей. Калі вы чыноўнік, жанаты, і ў вас ёсьць дзеці, дык справа, шчыра кажучы, надзвычайна кепская. Вы, калі я ня мыляюся, упэўнены, што вас са службы выганяць?

— Хто іх ведае, — уздыхнуў той. — Справа такая, што я сам ня памятаю, чаго я навычвараў. Ведаю толькі, што мяне аднекуль выкінулі і я дабіваўся туды, каб закурыць цыгару. А пачалося ўсё гэтак добра...

Бачыце, начальнік нашага аддзяленьня спраўляў свае імяніны і запрасіў нас у віньніцу, потым мы трапілі ў другую, у трэцюю, у чацьвертую, у пятую, у шостую, у сёмую, у восьмую, у дзевятую...

— Можа вам памагчы лічыць? — прапанаваў Швэйк. — Я ў гэтых справах кумекаю. За адну ноч я быў у дваццацёх васьмі мясцох, але, далі-бог, нідзе больш, як тры кухлі піва ня піў.

— Словам, — казаў далей няшчасны падлеглы таго начальніка, які гэтак пышна спраўляў свае імяніны, — калі мы абышлі з тузін шынкоў, мы агледзеліся, што начальнік у нас прапаў, хоць мы яго перад тым пачапілі на вяровачку і вадзілі за сабой, як сабачку. Тады мы падаліся шукаць яго, і, нарэшце, самі пагублялі адзін аднаго. Канцы з канцамі — апынуўся я ў аднэй начной кавярні на Вінаградах, у вельмі прыстойным месцы, дзе я піў лікёр проста з бутэлькі. Што я рабіў потым — ня памятаю... ведаю толькі, што ўжо тут, у камісарыяце, калі мяне сюды прывезьлі, паводзіў сябе няпрыстойна, набіў адну даму, парэзаў сьцізорыкам чужы капялюш, які зьняў з вешалкі, разагнаў дамскую капэлю, абвінаваціў обэркельнэра перад усімі, што ён украў дваццаць крон, разьбіў мармуравую дошку ад століка, за якім сядзеў, і сумысьля плюнуў незнаёмаму пану за суседнім столікам у каву. Больш нічога я не рабіў... хоць усяго не памятаю, можа і яшчэ чаго-небудзь навычвараў... Дайце веры, я прыстойны, інтэлігентны чалавек, які ні пра што іншае ня дбае, як пра сваю сям‘ю. Што вы на гэта скажаце? Я-ж па ўродзе сваёй зусім ня буян.