Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/195

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На яго адкрыта і шчыра глядзела пара добрых, бязьвінных Швэйкавых вачэй, які пасьмеліўся парушыць цішыню перад навальніцай словамі:

— Дазвольце далажыць, пане обэр-лейтэнант, у нас у хаце вялікае няшчасьце. Кот зьеў крэм для ботаў і дазволіў сабе пасьля гэтага здохнуць. Я яго ўкінуў у склеп, але ня ў наш, а ў суседні. Такога добрага ангорскага коціка вы ўжо ня знойдзеце!

„Што мне з ім рабіць?“ — мільгнула ў думках у паручніка. — „Божухна, які ў яго дурны твар!“

А добрыя бязьвінныя Швэйкавы вочы зьзялі і далей мяккаю цяплынёй, якая выражала поўную душэўную раўнавагу: „Усё, бач, у парадку і нічога ня здарылася, а калі што і здарылася, дык так і трэба, бо павінна-ж часам што-якое і прытрапіцца“.

Паручнік Лукаш ускочыў, але не задаў Швэйку, як быў спачатку наважыў. Ён замахаў кулаком у яго пад самым носам і закрычаў:

— Швэйк! Сабаку вы ўкралі!

— Дазвольце далажыць, пане обер-лейтэнант, што апошнім часам мне аб гэткіх выпадках нічога невядома. Дазволю сабе зазначыць, пане паручнік, што па абедзе вы з Максам пайшлі на шпацыр. І я ніякім чынам ня мог яго ўкрасьці. Мне адразу здалося, што справа кепская, як вы вярнуліся без сабакі. Гэта, як той казаў, сытуацыя… На Спаленай вуліцы жыў рыдыкульшчык на прозьвішча Кунеш. Ён ня мог схадзіць з сабакам на шпацыр без таго, каб ня згубіць яго. Зазвычай ён забываўся сабаку ў піўніцы, або яго кралі ў яго, або, нарэшце, пазычалі і не варочалі…

— Сьціхніце, скаціна, чортава насеньне! Вы хоць сусьветны жулік, а хоць вярблюд, боўдзіла дурное. Самі вы — хадзячы анэкдот. Са мной лепей жарты кіньце! Адкуль вы ўзялі сабаку? Дзе вы яго знайшлі? Ведаеце вы, што яна належыць нашаму камандзіру палка? Ён яе вось толькі адабраў у мяне, сустрэўшыся. Гэта-ж сорам, разумееце? Кажыце па-праўдзе, укралі вы яго ці не?

— Ні ў якім разе, пане паручнік, я яго ня краў.