Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/187

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Калі вось зірнуць з боку, дык уласна, кожны салдат украдзены з свае хаты.

Паручнік Лукаш прыемна зьдзівіўся, убачыўшы Макса, які таксама выявіў радасьць, зноў убачыўшы чалавека з шабляю. На паручнікава запытаньне, дзе Швэйк здабыў сабаку, Швэйк з олімпійскай спакойнасьцю паведаміў, што сабаку падараваў яму адзін прыяцель, якога вось толькі забралі ў войска.

— Вельмі добра, Швэйк, — сказаў паручнік, гуляючы з сабакам. — Першага чысла атрымаеце ад мяне пяцьдзесят крон за сабаку.

— Не магу ўзяць, пане паручнік.

— Швэйк! — сказаў паручнік строга. — Калі вы паступілі да мяне на службу, дык я вам сказаў, што вы павінны слухаць кожнага майго слова. Калі я вам кажу, што вы атрымаеце ад мяне пяцьдзесят крон, дык вы павінны іх узяць і прапіць. Што вы зробіце з гэтымі пяцьдзесяцьцю кронамі?

— Так точна, пане обэр-лейтэнант, прап‘ю згодна загаду.

— А калі я забудуся іх вам даць, дык загадваю вам, Швэйк, напамянуць мне, што я павінен вам даць за сабаку пяцьдзесят крон. Зразумелі? Ці няма ў яго блох? Лепш за ўсё пакупайце яго ды расчашыце яму поўсьць. Заўтра я на службе, а пазаўтраму пайду з ім гуляць.

Тым часам, як Швэйк купаў сабаку, палкоўнік, яго былы гаспадар, у сябе дома лаяўся на ўсе застаўкі і пагражаў невядомаму злодзею, што аддасьць яго на вайскова-палявы суд і загадае яго расстраляць, павесіць, засадзіць на дваццаць год у турму і пасячы на дробныя кавалачкі.

— Каб ён спрах, гэты нягоднік, — разьлягалася па палкоўнікавай кватэры, аж калаціліся шыбы. — З гэтым бандытам я ўраз расквітаюся.

Над Швэйкам і паручнікам зьвісла ў паветры катастрофа.


РАЗЬДЗЕЛ XV

КАТАСТРОФА

Палкоўнік Фрыдрых Краус з дадаткам фон-Цыльлергут, — так празывалася нейкая вёска ў Зальцбурзе, якую ягоныя продкі прапілі яшчэ ў восемнаццатым стагодзьдзі, — быў ёлуп,