Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я тут ня ў прычыне, — адказаў сур‘ёзна, Швэйк. — Мяне вызвалілі ад вайсковае службы за ідыётызм. Я офіцыйна вызнаны спэцыяльнай комісіяй за ідыёта. Я — офіцыйны ідыёт.

Пан з тварам злачынца заскрыгатаў зубамі.

— Злачынствы, у якіх вы абвінавачваецеся, паказваюць на тое, што вы цалкам здаровы.

І тут-жа пералічыў Швэйку цэлую чараду рознастайных злачынстваў, пачынаючы ад дзяржаўнае здрады і канчаючы абразаю яго вялікасьці і членаў царствуючага дому. У асяродку злачынстваў красавалася ўхваленьне забойства эрцгэрцага Фэрдынанда, ад якога кусьціліся новыя злачынствы, сярод якіх яскрава вылучалася падбухторваньне мас, бо ўсё гэта адбывалася ў публічным месцы.

— Што вы на гэта скажаце? — пераможна запытаў пан з лютымі рысамі твару.

— Досыць, — адказаў бязьвінна Швэйк. — Што надта, таго і сьвіньні не ядуць.

— Значыць вы прызнаіцё?..

— Я ўсё прызнаю. Строгасьць павінна быць. Бяз строгасьці ніхто-б ні трасцы не дасягнуў. Гэта ўсёроўна, як я служыў на вайсковай службе...

— Маўчаць! — крыкнуў паліцэйскі камісар на Швэйка. — Гаварыце толькі тады, як вас пытаюць! Разумееце?

— Чаму не, — сказаў Швэйк. — Дазвольце далажыць, разумею, і ўсё, што пан скажа, прыму да ведама.

— З кім маеце сувязь?

— Са сваёй чалядніцай, вашаскародзьдзе.

— Я кажу, ці ня маеце якія-небудзь знаёмствы ў колах політычных?

— Як жа вашаскародзьдзе. Купляю вячэрні выпуск „Нацыянальнай політыкі“.

— Вон! — зароў на Швэйка пан з зьвярыным выразам твару.

Калі Швэйка выводзілі з канцылярыі, ён сказаў:

— Дабранач, вашскародзьдзе.

Вярнуўшыся ў сваю камеру, Швэйк паведаміў арыштаваным, што гэта ня сьледзтва, а сьмех адзін: трошачку на вас пакрычаць, а пасьля выганяць.