Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/162

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

выходзіць, апроч няпрыемнасьні і мне і іншым. Я адно хацеў іх абоіх пазнаёміць, каб прывыклі адно да аднаго. Чым я вінаваты, што ён зжор канарку? Колькі год таму назад у Штупгартаў быў кот, дык ён нават папугу зжор за тое, што той дражніў яго і мяўкаў па-кацінаму. І жывучыя ж гэтыя каты! Калі захочаце, пані паручнік, каб я яго спарадчыў, дык давядзецца яму дзьвярмі пераламаць сярэдзіну, іначай нічога ня выйдзе.

І Швэйк з самым бязьвінным выглядам і мілай дабрадушнай усьмешкай стаў выкладаць паручніку тэорыю, як трэба караць сьмерцю катоў, што, пэўна, давяло-б усё таварыства абароны жывёлы да вар‘яцкага дому. Швэйк выявіў тут такія спэцыяльныя веды, што паручнік Лукаш, занядбаўшы свой гнеў, запытаў яго:

— Вы ўмееце абыходзіцца з жывёлаю? Любіце яе?

— Найбольш я люблю сабак, — сказаў Швэйк, — бо гэта надта выгодная справа таму, хто ўмее імі гандляваць. Але ў мяне гандаль не павёўся, бо я заўсёды быў залішне сумленны. Дый то зьяўляліся да мяне з прэтэнзіямі, што, бачыце, я ім прадаў здыхляціну замест чыстакроўнага здаровага сабакі. Нібыццам усе сабакі павінны быць чыстакроўныя і здаровыя! Кожнаму дай пасьведчаньне аб паходжаньні! Дык прыходзілася пасьведчаньні друкаваць, і з якога-небудзь дварняга, што радзіўся на цагельні, рабіць самы чыстакроўны экзэмпляр з баварскай псярні Армін фон-Боргейма. І сапраўды, купцы былі дужа здаволены, гэтак сходна набываючы чыстакроўнага сабаку. І можна было ўперці хоць вршовіцкага шпіца замест таксы, яны-б адно дзівіліся, чаму ў гэткага рэдкага сабакі з самае Нямэччыны поўсьць кашлатая, а ногі ня крывыя. Так робіцца ўва ўсіх псярнях. Вы-б, пане паручнік, адно рот разьзявілі на ўсе жульніцтвы, што там прарабляюцца з сабачымі пасьведчаньнямі. Сабак, якія-б маглі пра сябе сказаць: „Я — чыстакроўны“, шчыра сказаўшы, мала. Хоць мамулька яго саграшыла з якім-небудзь байструком, а хоць бабулька, а хоць, нарэшце, татулек у яго было некалькі і ад кожнага ён што-небудзь узяў у спадчыну: ад аднаго татулі ў яго вушы, ад другога — хвост, ад трэцяга поўсьць, ад чацьвер-