Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/156

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

свае абавязкі ў адносінах да арміі. Можа вам здаецца незразумелым, чаму вас содзяць у арыштоўню за тое, што ўчора за аглядам у вас бракавала гузіка на гімнасьцёрцы, за гэткую дробязь, за гэткае глупства, на якое па-за службаю ніхто-б і ўвагі не зьвярнуў? На вайсковай-жа службе за гэткую неахайнасьць у вопратцы караюць. А чаму? Не аб тым клопат, што ў вас бракуе гузіка, а аб тым, каб прыучыць вас да парадку. Сёньня вы ня ўшыеце гузіка і гэты самым ужо пачынаеце лайдачыць. Заўтра вам ужо будзе цяжка разабраць і пачыніць вінтоўку, пазаўтраму вы забудзецеся ў якой-небудзь піўніцы свой штых і, нарэшце, засьніцё на варце — усё праз тое, што пачалі ад таго няшчаснага гузіка весьці жыцьцё лайдака. Вось як, галубок! Я вас караю за тое, каб зьберагчы вас ад горшага пакараньня за тыя будучыя правіны, якія-б вы маглі зрабіць, забываючыся паволі, але пэўна на свае абавязкі. Я вас саджу на пяць дзён і шчыра зычу, каб вы на хлебе і на вадзе паразважалі аб тым, што пакараньне, гэта — ня помста, а толькі спосаб выхаваньня, які мае за мэту — выправіць салдата.

Лукашу ўжо даўно трэба было быць за капітана, але не памагла яму і ягоная асьцярожнасьць у нацыянальным пытаньні, бо яму ўласьціва была занадта вялікая сьмеласьць і праўдзівасьць у адносінах да начальства і поўная адсутнасьць падлыжнасьці. Ён захаваў у сабе тыповыя рысы селяніна паўднёвае Чэхіі, адкуль ён паходзіў.

Але тым часам, як да салдат Лукаш быў справядлівы і ніколі іх не цкаваў, да дзяншчыкоў ён быў зусім інакшы: ён ненавідзеў сваіх дзяншчыкоў — мабыць таму, што дзяншчыкі яму трапляліся заўсёды самыя нягодныя і подлыя. Ён біў іх па мордзе, даваў ім каўхнёў, спрабуючы выхоўваць іх і словам і справаю. Ён марна змагаўся з імі праз цэлую чараду гадоў, заўсёды мяняў іх і заўсёды пераконваўся: „Зноў мне трапіла подлая быдляціна!“ Сваіх дзяншчыкоў ён меў за стварэньні ніжэйшага гатунку.

Жывёлу Лукаш любіў надзвычайна. У яго была канарка, ангорскі кот і пінчэр. Усе дзяншчыкі, як адзін, абыходзіліся з гэтымі стварэньнямі ня лепей, чымся паручнік з імі самымі,