Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дынанд перад сваім пахаваньнам меў рэкляму. Што больш нас тут будзе, то будзе лепей для нас: нам будзе весялей. Як я служыў на вайсковай службе, аднойчы ў нас пасадзілі паўроты. А колькі бязьвінных людзей засудзілі ня толькі на вайсковай службе, а і ў цывільных судох! Памятаю, неяк адну жанчыну засудзілі за тое, што яна задушыла сваіх толькі народжаных на сьвет блізьнят. Хоць йна прысягла, што не магла задушыць блізьнят, раз у яе нарадзілася ўсяго адна дзяўчынка, якую ёй зусім безбалесна ўдалося прыдушыць, яе ўсё-ткі засудзілі за забойства двух чалавек. Або возьмем таго цыгана з Забегліц, што ўламіўся ў крамку ў калядную ноч: ён прысягаў, што зайшоў пагрэцца, але гэта яму не памагло. Калі ўжо трапіў у рукі суду правага, дык кепская справа. Гэта неабходнае зло. А ўсё-ткі трэба прызнаць, — ня ўсе людзі, такія паганцы, як пра іх думаюць. Але як цяперашнім сьветам адрозьніш сумленнага чалавека ад прахвоста, асабліва ў гэткі сур‘ёзны час, калі цокнулі Фэрдынанда? У нас таксама, як я быў на вайсковай службе, застрэлілі раз сабаку ў лесе, за пляцоўкай для практыкаваньняў. А сабака быў пана капітана. Як ён даведаўся пра гэта, паклікаў усіх нас, пастроіў і кажа: „Хай выйдзе кожны дзесяты“. Я, вядомая рэч, быў таксама дзесяты. Сталі мы „зважай“, „не зварухніся“. Капітан пахаджвае перад намі і дзярэцца: „Валацугі! Жулікі! Паскуднікі! Гіены рабыя! Усіх-бы вас за гэтага сабаку ў карцар пазасадзіць! Зрэзаць вас на горкае яблыка! Перастраляць! Біткоў нарабіць з вас! Няма чаго з вамі малімоніцца, — усіх на два тыдні без пабыўкі!.“ Дык бачыце, тады гутарка йшла пра сабачку, а цяпер ідзе пра пана эрцгэрцага. Трэба страху нагнаць, каб жалоба па ім вышла больш шыкоўная.

— Я не вінават, я не вінават! — лапатаў уструшаны чалавек.

— Езус хрыстос быў гэтак сама не вінават, а тым часам яго ўкрыжавалі. Нідзе ніколі ніхто ня цікавіўся лёсам бязьвіннага чалавека. „Маўчы, як пень, ды служы“, — казалі нам на вайсковай службе. Гэта — найлепшы спосаб.

Швэйк лёг на ложак і заснуў сном праведніка.

Тым часам, прывялі двух новых. Адзія з іх быў босьніец, які хадзіў, па камеры, скрыгатаў зубамі ды па кожным слове