Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Іншыя вучоныя тлумачаць вайну зьяўленьнем плям на сонцы. Ці толькі зьявіцца гэткая-такая пляма, заўсёды на зямлі адбываецца катастрофа. Забраньне Карфагэну...

— Адкасьніцеся вы з сваёй вучонасьцю, — перапыніў яго капрал. — Вымецьце лепш падлогу, сёньня ваша чарга. Які нам клопат да нейкае там плямы на сонцы! Хай іх там дваццаць будзе, з іх сабе кажуха не пашыеш!

— Плямы на сонцы сапраўды маюць вялікае значэньне, — утыкнуўся ў гаворку Швэйк. — Аднаго разу зьявілася на сонцы пляма і таго самага дня мяне зьбілі ў шынку „У Банзэтаў“, у Нусьлях. З таго часу перш, чымся куды-небудзь пайсьці, я гляджу ў газэце, ці не зьявілася зноў якая-небудзь пляма на сонцы. І калі зьявіцца і пляма, дык — бывайце здаровы! — нікуды я ня іду і чакаю, пакуль пройдзе час. Як яшчэ вулькан Монпэле зьнішчыў быў цэлую выспу Мартынік, адзін профэсар напісаў у „Нацыянальнай Політыцы“, што даўно ўжо зварачаў увагу чытачоў на вялікую сонечную пляму. А „Нацыянальная Політыка“ ў пару на выспу ня трапіла, дык яны й загрымелі!

Тым часам фэльдкурат наткнуўся ў канцылярыі на адну даму „Таварыства дваранак па рэлігійным выхаваньні ніжэйшых чыноў“, старую, брыдкую ведзьму, якая ад самага раньня цягалася па шпіталі ды раздавала направа і налева абразкі сьвятых. Хворыя і параненыя салдаты кідалі іх у плявальніцы.

Пад час свайго абходу яна раздражняла ўсіх сваёй дурной гаворкай пра тое, што трэба шчыра жалкаваць аб сваіх грахох і паправіцца, каб пасьля сьмерці міласэрны бог дараваў ім вечнае спасеньне.

Яна была бледая, калі гутарыла з фэльдкуратам.

— Гэтая вайна, замест таго, каб па-шляхетнаму выхоўваць салдатаў, робіць з іх зьвяроў.

Унізе, у палаце, гэтыя зладзеі паказалі ёй язык і сказалі ёй, што яна „хара“ і „асьліца Валаамава“.

— Сапраўды, гэта нешта страшэннае, пане фэльдкурат. Народ так разбэсьціўся!..

I яна завяла гаворку пра тое, як яна ўяўляе сабе рэлігійнае выхаваньне салдата. Толькі тады салдат адважна змагаецца