Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/135

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

„Саборваць належыць кожнага веруючага ў бога католіка, у якога перад сьмерцю надыйшло прасьвятленьне розуму“.

„Хворы прымае памазаньне па магчымасьці знаходзячыся ў прытомнасьці“.

Прышоў пасланец і прынёс фэльдкурату пакет з паведамленьнем пра тое, што заўтра за саборваньнем у шпіталі будзе прысутным „Таварыства дваранак па рэлігійным выхаваньні ніжэйшых чыноў“. Гэтае таварыства складалася з гістарычак, якія раздавалі салдатам у шпіталях абразкі сьвятых і „Апавяданьне пра каталіцкага ваяку, які памірае за гаспадара імпэратара“. На гэтай брошурцы быў малюнак фарбамі, які выяўляў поле бою. Усюды валяюцца трупы людзей і коняй, абернутыя амуніцыйныя фурманкі і гарматы ляфэтамі ўгару. На кругавідзе гарыць вёска і разрываюцца шрапнэлі. Наперадзе ляжыць, памірае салдат з адарванай нагой, а над ім схіліўшыся анёл, які нясе яму вянок з надпісам на істужцы: „Сёньня-ж будзеш са мною ў раі“. Салдат мілосна ўсьміхаецца, нібы яму падносяць марожанае.

Прачытаўшы тое, што было ў пакеце, Отто Кац плюнуў, падумаўшы:

— Ну і будзе заўтра клопату.

Ён ведаў гэтую „шваль“, як зваў ён гэта таварыства, яшчэ па царкве сьв. Ігнацяга, дзе колькі год таму назад чытаў казаньні салдатам. У тыя часы ён яшчэ налягаў на казаньні, а гэтае „таварыства“ сядзела побач з палкоўнікам. Дзьве сухарлявыя жанчыны ў чорных сукнях і з ружанцамі прычапіліся да яго неяк пасьля казаньня і поўныя дзьве гадзіны лапаталі яму пра рэлігійнае выхаваньне салдат, пакуль не дадзелі яму так, што ён сказаў: „Прабачайце, васпані, але мяне чакае капітан на партыю ў фэрбы“.

— Ну, аліва ў нас ёсьць, — сказаў урачыста Швэйк, вярнуўшыся з магазыну Полак, — канапляны алей нумар тры, першы гатунак. Хопіць на цэлы батальён. Фірма сталая. Прадае таксама пакост, лякі і квачы. Цяпер нам трэба званок.

— А званок навошта?

— Званіць дарогай, каб народ зьдзяваў шапкі, як мы паедзем з божым блаславеньнем і з канапляным алеем нумар