Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/133

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

туды не паслаць хоць-бы сабе гэтага набожнага ксяндза, які начаваў у нас нядаўна? Прыдзецца нам ехаць на Карловы пляц саборваць. Я забыўся нават, як гэта робіцца.

— Што-ж, купім катахізм, пане фэльдкурат. Там пра гэта ёсьць. Катахізм духоўным айцам — усёроўна, што праводнік чужаземцам… Адзін мой знаёмы служыў у Эмавускім манастыры за гародніка. Надумаў ён зрабіцца паслушнікам, каб атрымаць расу і ня драць дарма свае вопраткі. Дзеля гэтага яму прышлося купіць катахізм і падвучыцца, як трэба хрысьціцца, як усьцерагчыся ад першароднага грэху, што значыць — мець чыстае сумленьне ды іншае глупства. Вывучаў, вывучаў, а пасьля прадаў цішком палавіну ўсяго ўраджаю гуркоў з манастырскага гароду ды з гвалтам выляцеў з манастыру. Неяк мы з ім сустрэліся, дык ён і кажа: „А гуркі я здолеў збахтарыць і без катахізму“.

Як дасталі катахізм, фэльдкурат, гартаючы яго, сказаў:

— Ну вось, саборваньне можа чыніць толькі сьвяшчэньнік і толькі алівай, асьвенчанай біскупам. Як бачыце, Швэйк, вам няможна самому зрабіць саборваньне. Прачытайце-тка мне, як яно робіцца.

Швэйк прачытаў:

— „…робіцца так: сьвяшчэньнік памазуе органы пачуцьцёў хворага, вымаўляючы разам з гэтым малітву: „Праз гэта памазаньне, дзеля свае бясконцае літасьці, хай даруе табе бог, што ты саграшыў зрокам, слыхам, нюхам, смакам, моваю ці дотыкам“.

— Цікава-б ведаць, — сказаў фэльдкурат, як можа чалавек саграшыць, напрыклад, дотыкам? Ці не растлумачылі-б вы мне гэта?

— Розна, пане фэльдкурат. — Даткнецца, напрыклад, да чужой кішэні. Зноў-жа, калі скокі… Ці мала там чаго вырабляецца.

— А нюхам?

— Калі хто нос ад чаго-небудзь верне.

— Ну, а смакам?

— Калі хто на дзевак аблізваецца.

— А моваю?