Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/123

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Дармо, пане фэльдкурат, — сказаў Швэйк, — я магу яго падмяніць.

— А вы ўмееце міністраваць?

— Ніколі за гэту справу ня браўся, але чаму не паспрабаваць, Цяпер-жа вайна, а пад час вайны людзі бяруцца за такія справы, якіх яны раней і ня сьнілі? Неяк ужо гэтае глупства „і са духам тваім“ на вашае „госпад з вамі“ адчыкрыжу. Нарэшце, ня надта ўжо і цяжка, я мяркую, хадзіць каля вас, як кот навакол гарачае кашы, памагаць вам мыць рукі ды падліваць у чашу віна…

— Добра, — сказаў фэльдкурат. — Адно вады мне ў чашы не налівайце. Во што: вы лепш зараз-жа і ў другі збан наліце віна. А рэшта — я вам сам буду падказваць, калі ісьці вам направа, а калі налева. Калі я ціхенька сьвісну адзін раз, дык гэта значыць — направа, а калі два разы, дык — налева. Трэбнік асабліва часта мне ня торкайце. Рэшта — глупства, не палохайцеся.

— Я нічога не палохаюся, пане фэльдкурат, і нават міністраваньня.

Фэльдкурат меў рацыю, калі казаў, што рэшта — глупства. Усё ішло, як на мазі.

Прамова фэльдкуратава была надта ляконічная:

— Салдаты! Мы тут сышліся на тое, каб перад выездам на поле брані ўзьнесьці свае сэрцы да бога, каб ён паслаў нам перамогу і захаваў нас жывых. Ня буду вас доўга затрымліваць, — зычу вам усяго найлепшага.

— Вольна! — скамандаваў стары палкоўнік на левым флянгу.

Палявая імша завецца „палявая“ таму, што падлягае тым самым законам, як і ваенная тактыка на полі бою. Пад час працяглых манэўраў войска ў трыццацёхгадовую вайну і палявыя імшы былі працяглыя, за сучаснай тактыкай, калі войска перасуваецца надзвычай шпарка, і палявая імша павінна быць такая-ж рухавая ды шпаркая.

Імша цягнулася акурат дзесяць хвілін. Тыя, што стаялі бліжэй, дзіву даваліся, чаму пад час імшы фэльдкурат прысьвіствае.